«Прессболу» зноў не далі акрэдытацыю на Алімпіяду (Абноўлена)
4- 3.02.2009, 12:47
30 студзеня камісія па СМІ Міністэрства спорту не задаволіла заяўку найбуйнейшай спартыўнай газеты краіны «Прессбол» на акрэдытацыю на зімовыя Алімпійскія гульні ў канадскім Ванкуверы.
Гэтае рашэнне яшчэ мусіць зацвердзіць выканкам Нацыянальнага алімпійскага камітэту. Аднак не цяжка спрагназаваць, чыю пазіцыю зойме выканкам, піша «Наша Ніва».
Камісія прыняла рашэнне акрэдытаваць на Алімпіяду журналістаў «Советской Белоруссии», «Рэспублікі», «Спортивной панорамы» і БелТА.
Прычым два апошніх СМІ змогуць адправіць у Ванкувер і фотакарэспандэнтаў. Таксама будзе адмысловы зварот у МАК з просьбай выдзеліць яшчэ адно месца для журналіста «Звязды».
Прэс-сакратар НАК Пётр Рабухін адзначыў, што нібыта «Прессбол» часта друкуе неправераную інфармацыю. Мякка кажучы, казкі выдае за жахі, а жахі за казкі».
Вядомы тэлекаментатар Уладзімір Навіцкі рашэнне камісіі па СМІ пракаментаваў так: «Я галасаваў за тое, каб за кошт дзяржавы на Алімпійскія гульні ездзілі прадстаўнікі выключна дзяржаўных выданняў».
Нагадаем, што год таму за шэраг скандальных публікацый «Прессбол» пазбавілі акрэдытацыі на летнія Алімпійскія гульні ў Пекіне. З сталіцы Кітаю для «Прессболу» пісалі некалькі журналістаў з іншых выданняў Расеі і Беларусі.
Галоўны рэдактар выдання Ўладзімір Беражкоў сказаў у інтэрв'ю «Еўрарадыё», што адмову ў акрэдытацыі ён расцэньвае як дыскрымінацыю.
«Фактычна год, з 28 лютага 2008 года і па цяперашні час, для НАК і Мінспорту мы з'яўляемся персонай non grata. Нас нідзе не акрэдытоўваюць, робяць выгляд, што нас няма. І забараняюць сваім работнікам, падначаленым наагул чытаць нашу газету. Тым не менш, гэтая газета з'яўляецца самай папулярнай у іх. Па іх рэакцыі відаць, што яны яе чытаюць», - падкрэсліў галоўны рэдактар «Прессболу».