Рух на МКАД блакаваны з-за ДТЗ
2- 10.03.2009, 9:14
Сёння раніцай на знешнім коле Менскай кальцавой аўтадарогі ў раёне скрыжавання з праспектам Незалежнасці рух быў цалкам блакаваны.
Як перадае агенцтва «Інтэрфакс-Захад», руху на трасе перашкаджаў грузавы аўтамабіль, які ў выніку сутыкнення з легкавым аўтамабілем развярнуўся і сваім корпусам цалкам перакрыў дарогу.
Аварыя адбылася ў гадзіну «пік», калі людзі ехалі на працу. З-за дадзенага дарожна-транспартнага здарэння з’явілася велізарная аўтамабільная пробка.
Супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі накіравалі кіроўцаў аўтамабіляў, якія сутыкнуліся сёння раніцай на Менскай кальцавой аўтадарозе (МКАД), на медыцынскі агляд на прадмет наяўнасці ў крыві алкаголю, паведамілі ў аддзеле ДАІ Першамайскага раёна Менска.
«Кіроўцы аўтамабіляў-удзельнікаў ДТЗ на МКАД адпраўленыя на медыцынскі агляд», - распавялі ў ДАІ.
Па словах суразмоўцаў агенцтва, «на месцы ДТЗ працуюць інспектары ДАІ. Рух перавялі на 1 паласу - на паласе тармажэння знаходзяцца аўтамабілі. У цяперашні час перашкодаў для руху на ўчастку, дзе адбылося ДТЗ, няма. «Пробка» ліквідаваная».
Супрацоўнікі ДАІ паведамілі, што ДТЗ абыйшлося без пацярпелых. Па папярэдняй інфармацыі, яно адбылося ў выніку сутыкнення вялікагрузнага аўтамабіля і іншамаркі.