14 чэрвеня 2026, Нядзеля, 15:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Неўдаволенне ў РФ расце: Зяленскі паказаў дакументы, якія трапляюць на стол Пуціну

Неўдаволенне ў РФ расце: Зяленскі паказаў дакументы, якія трапляюць на стол Пуціну

Украінская разведка атрымала важную інфармацыю.

Украінская разведка атрымала сакрэтныя дакументы, якія трапляюць на стол расійскаму дыктатару Уладзіміру Пуціну. У прыватнасці, гаворка ідзе пра рэйтынг кіраўніка Крамля і неўдаволенне расіян яго дзеяннямі.

Пра гэта паведамляе РБК-Украіна са спасылкай на Telegram прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага.

«Былі даклады нашых разведак па выніках працы па ацэнцы ўнутранай расійскай сітуацыі і атрымання дакументаў, якія трапляюць на стол кіраўніку Расіі. Мы разумеем, што Пуціну рэдка прыносяць цалкам праўдзівую інфармацыю без прыхарошванняў. Але нават тое, што ён бачыць у дакументах, якія да яго трапляюць, усё ж дазваляе зрабіць высновы», — распавёў Зяленскі.

У прыватнасці, згодна з дакладамі, так званыя прагнозныя паказчыкі неўдаволення расіян Пуціным працягнуць неўхільна расці, і яго ўжо цяпер пачалі прывучаць да думкі, што рост неўдаволення не ўдасца спыніць і гэты паказчык «не выйдзе на плато» да верасня, калі ў Расіі запланаваныя парламенцкія выбары.

Па паказчыку падтрымкі расійскай кіроўнай партыі фіксуецца ўстойлівая тэндэнцыя да падзення, што азначае неабходнасць значна большых фальсіфікацый.

Разведкі дакладваюць таксама пра істотны рост пратэсных настрояў у расійскіх рэгіёнах.

«Лічым, што ў гэтых дакладах яшчэ не ўлічаныя патэнцыйныя падзеі чэрвеня, ліпеня і жніўня, якія не могуць не паўплываць на сітуацыю ў Расіі дадаткова», — адзначыў прэзідэнт Украіны.

Ён падкрэсліў, што цалкам справядлівы ціск на Расію за гэту вайну будзе працягвацца і павялічвацца.

«Такім чынам, да верасня Пуцін падыдзе з яшчэ горшымі паказчыкамі. На жаль, на ўсе публічныя і непублічныя прапановы міру, якія былі намі зробленыя, прагучалі толькі словы пра працяг яго вайны», — дадаў Зяленскі.

Па яго словах, унутраная расійская сітуацыя павінна пераконваць у адваротным: у тым, што мір патрэбны.

«Украіна прапануе дамаўляцца пра годны мір. Відавочна, тэндэнцыі не змяняцца, і з часам гэта можа азначаць, што пагадненне давядзецца заключаць ужо з кімсьці іншым з Расіі — з тым, хто не будзе закрывацца ад рэальнасці», — адзначыў прэзідэнт Украіны.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках