14 чэрвеня 2026, Нядзеля, 16:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ян Сапега: беларускі магнат, які пакарыў усю Масковію

Ян Сапега: беларускі магнат, які пакарыў усю Масковію

Перад вырашальнай бітвай Сапега сказаў знакамітую фразу: «Айчына далёка. Выратаванне і гонар — наперадзе».

Ян Пётр Сапега, прадстаўнік чарэйска-ружанскай лініі роду Сапег герба «Ліс», нарадзіўся ў 1569 годзе ў сям’і Паўла Сапегі і Ганны Хадкевіч, даводзіўся стрыечным братам канцлеру ВКЛ Льву Сапегу. Паводле адных звестак, Ян Сапега нарадзіўся ў Магілёве, паводле іншых — у Быхаве, піша vklby.com.

Будучы членам аднаго з самых магутных магнатскіх родаў у Літве, ён атрымаў адпаведную адукацыю. Да 1587 года Ян Сапега вучыўся ў Віленскай акадэміі, затым працягнуў навучанне ў Падуанскім універсітэце. Выбар быў зроблены на карысць вайсковай прафесіі.

Першы баявы досвед Ян Пётр Сапега атрымаў у 1595 годзе ў баях з крымскімі татарамі і валахамі падчас малдаўскіх войнаў. Затым прыняў удзел у вайне Рэчы Паспалітай са Шведскім Каралеўствам. І 7 студзеня 1601 года перамог у знакамітай бітве пад Венденам. Праз паўгода ён ледзь не загінуў у бітве пад Кокенгаузенам. А праз два гады ўдзельнічаў у разгроме шведаў пад Ракверэ (Эстонія) і ва ўзяцці Дэрпта (сёння Тарту, Эстонія). Падчас бітвы пад Кірхгольмам камандаваў правым крылом Яна Караля Хадкевіча, гусарскімі і пяцігорскімі харугвамі, якімі і ўдарыў па выманеных са сваіх пазіцый шведскіх рэйтарах. Сумеў устаяць супраць флангавага ўдару шведскіх вершнікаў, накіраваных Карлам IX з апошняга свайго рэзерву. І менавіта дзякуючы стойкасці воінаў Сапегі ў Яна Хадкевіча з’явілася магчымасць накіраваць у абыход ворага адно са сваіх вайсковых падраздзяленняў, якое і ўдарыла па аголеным флангу шведаў. За свае вайсковыя заслугі Ян Пётр Сапега ў 1606 годзе ад караля Рэчы Паспалітай атрымаў ва ўладанне горад Усвяты.

Сапега быў таксама ўдзельнікам Брэсцкай канфедэрацыі, што ўзнікла з-за даўгоў па абяцаным жалаванні войску. Летам 1607 года, падчас паўстання супраць караля Рэчы Паспалітай Жыгімонта III, узначаленага шляхціцам Зебжыдоўскім, стаў на бок кароны. Камандуючы гусарскай і казацкай харугвай, узяў удзел у разгроме паўстанцаў у бітве пад Гузавам.

Атрымаўшы адабрэнне свайго стрыечнага брата, канцлера ВКЛ Льва Сапегі, і насуперак волі караля Рэчы Паспалітай, Ян Пётр Сапега прапанаваў сваю дапамогу Лжэдзмітрыю II у авалоданні Маскоўскім тронам. Сабраўшы добра падрыхтаванае двухтысячнае войска ў ліпені 1608 года, ён перайшоў літоўска-маскоўскую мяжу.

Узяўшы Вязьму, сустрэў Марыну Мнішэк з яе бацькам, Ян Пётр Сапега ўрачыста ўвёў іх у Тушына да Лжэдзмітрыя II. У кастрычніку 1608 года разбіў трыццацітысячнае войска Івана Шуіскага пад Рохманаў, пры тым колькасць ворага была ўдвая большай. Падчас гэтай бітвы, пасля двух няўдалых атак, Сапега быў паранены куляй у галаву, аднак са словамі: «Айчына далёка. Выратаванне і гонар — наперадзе, а за спінай — сорам і гібель», зноў павёў наперад сваё войска. Войскі Шуіскага не вытрымалі гэтага націску і пабеглі.

16 месяцаў ён трымаў у аблозе Траецка-Сергіеў манастыр. Падпарадкаваў Замаскварэцкі край. У лютым 1610 года ўзяў Дзмітраў. Праз месяц пацярпеў паразу ад маскоўска-шведскага войска пад камандаваннем Скапіна-Шуйскага. Аднак гэтая параза не перашкодзіла яму ўлетку 1610 года ісці на Маскву, і яго воіны абвясцілі Сапегу сваім гетманам. Па прыбыцці ў Маскву, дзе ўжо ўсталявалася сямібаяршчына, ён вёў перамовы пра перадачу ўлады Лжэдзмітрыю II.

Летам 1611 года Сапега працягнуў вайсковыя дзеянні і заняў Аляксандраўскую Слабаду, затым аблажыў Пераслаўль-Залескі і штурмам узяў Белы горад у Маскве. Гэта была яго апошняя перамога.

Ян Пётр Сапега памёр ад хваробы ў Крамлі. Яго пахавалі ў Лепунах Гродзенскага павета (сёння Лепоніс, Літоўская Рэспубліка). Ад сваёй жонкі Сафіі Вейхер меў дачку Сюзанну Сафію і сыноў Андрэя Станіслава, Яна, Фларыяна, Паўла Яна — будучага вялікага гетмана ВКЛ. Пасля сябе пакінуў дзённік, які вёў падчас свайго паходу на Маскву, цяпер дакумент знаходзіцца ў Дзяржаўным архіве Швецыі ў Стакгольме.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках