14 кастрычнiка 2026, Серада, 2:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Расіі за «шпіянаж» затрымалі японскага журналіста

У Расіі за «шпіянаж» затрымалі японскага журналіста
Фота: Імаі Юкі/ vk.ru

Журналіст быў акрэдытаваны пры МЗС Расіі і афіцыйна працаваў у краіне.

У Сахалінскай вобласці Расіі за «шпіянаж у інтарэсах адной з японскіх спецслужбаў» затрымалі японскага журналіста газеты «Хакайда Сімбун» Імаі Юкі. Пра гэта паведаміла ФСБ.

«Ён ажыццяўляў збор і захоўванне звестак, якія маюць дачыненне да абароназдольнасці краіны, з мэтай іх перадачы па заданні нацыянальнай разведкі для выкарыстання супраць бяспекі РФ. Напярэдадні вылету за межы нашай краіны замежнік быў затрыманы на тэрыторыі Сахалінскай вобласці, пасля чаго дастаўлены ў Маскву», — паведамілі ў спецслужбе.

Супраць журналіста ўзбудзілі крымінальную справу па артыкуле 276 КК РФ (шпіянаж). Па рашэнні Лефортаўскага раённага суда Масквы яго арыштавалі амаль на два месяцы.

Журналіст быў акрэдытаваны пры МЗС Расіі і афіцыйна працаваў у краіне.

Афіцыйная прадстаўніца расійскага знешнепалітычнага ведамства Марыя Захарава абвінаваціла Токіа ў «спробах задзейнічаць сваіх карэспандэнтаў для збору інфармацыі з мэтай падрыву бяспекі Расіі».

«З улікам агульнай дэградацыі двухбаковага супрацоўніцтва, выкліканай антырасійскім курсам японскіх уладаў пасля пачатку СВА, а таксама нежаданнем Токіа прыслухоўвацца да заклапочанасцяў Масквы наконт курсу на рэмілітарызацыю Японіі, які закранае нашыя законныя інтарэсы ў сферы бяспекі на Далёкім Усходзе, вымушаныя адзначыць, што тое, што адбылося, стане дадатковым фактарам, які пагоршыць атмасферу расійска-японскіх адносін. У чарговы раз заклікаем афіцыйны Токіа апамятацца і змяніць свой падыход, адмовіўшыся ад варожых крокаў адносна Расіі», — заявіла Захарава.

Пасольства Японіі ў Расіі і МЗС краіны пакуль не пракаментавалі затрыманне.

Нагадаем, у ліпені амерыканская газета The New York Times апублікавала маштабнае расследаванне, у якім сцвярджаецца, што пасля пачатку поўнамаштабнай вайны супраць Украіны Расія значна ўзмацніла дзейнасць сваёй ваеннай разведкі ў Японіі. Паводле дадзеных выдання, менавіта японскі напрамак стаў адным з ключавых каналаў атрымання высокатэхналагічных кампанентаў, неабходных для вытворчасці сучаснага ўзбраення ва ўмовах заходніх санкцый.

У жніўні дыктатар Расіі Уладзімір Пуцін упершыню прыляцеў на курыльскі востраў Ітуруп. Японія выказала пратэст, заяўіўшы, што Паўночныя тэрыторыі, уключаючы востраў Эторыфу (так на айнскай мове называецца востраў Ітуруп. — Заўв. рэд.), з’яўляюцца тэрыторыяй Японіі.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках

▲