Былых вайскоўцаў прымушаюць падпісваць дазвол на ўмяшанне КДБ у іхняе асабістае жыццё
12- 26.03.2009, 8:54
Камітэт дзяржаўнай бяспекі хоча, каб былыя вайскоўцы добраахвотна дазволілі ўмешвацца спецслужбам у іхняе асабістае жыццё.
Адстаўніка Мікалая Папеку папрасілі падпісаць дазвол на ўмяшанне КДБ у ягонае асабістае жыццё — па той прычыне, што ён быў вайскоўцам, перадае «Еўрарадыё».
У дакуменце, які атрымаў Мікалай Папека вядзецца:
«У сувязі з допускам да дзяржаўных сакрэтаў даю згоду на правядзенне органамі дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь у адносінах мяне парверкавых мерапрыемстваў, а таксама на часовае абмежаванне ў сувязі з гэтым права на недатыкальнасць асабістага жыцця».
«Я ў іх не прашу ніякіх сакрэтаў, а яны мне іх ужо далі. У заяве ад майго імя вайсковаму камісару Пружанскага раёна пішуць, што я прашу нейкае глупства. Прычым камісар безыменны, -- абураецца Папека.
Мікалай Папека назваў гэты дакумент «дзікім» і адмовіўся яго падпісваць.
Супрацоўнік Пружанскага ваенкамата Міхаіл Сень растлумачыў:
«Папека ў мяне афіцэр запасу. Ёсць такія войскі, ствараюцца - тэрытарыяльныя. Ніякіх праблем з перасячэннем мяжы не будзе. Робіцца пакет дакументаў, фота, складаюцца ў тэчку, і гэта будзе ляжаць. Нікуды не будзем гэта накіроўваць».
Па словах супрацоўніка Пружанскага ваенкамата, беларускі салдат не мае правы на асабістае жыццё.
«Афіцэры, прапаршчыкі і салдаты запасу - яны ж таксама павінныя несці службу і дэмабілізавацца, калі загадана будзе, -- кажа Міхаіл Сень. -- А што да таварыша Папекі… Ну мне тэлефанавалі, так я сказаў: Аляксееўна, раз Папека адмаўляецца, адкладзі пакуль у бок, а я павестачкай асобна выклічу і буду тлумачыць асабіста».