18 траўня 2024, Субота, 18:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Міністр адукацыі знайшоў сакрэт, як павялічыць насельніцтва Беларусі ў 3 разы

54

Аляксандр Радзькоў прапанаваў арыгінальны план прыросту насельніцтва краіны да 30 мільёнаў чалавек.

Сакрэт больш чым трохкратнага прыросту насельніцтва міністр адукацыі бачыць у культываванні моды на вялікую сям'ю. Па меркаванні Аляксандра Радзькова, гэта дазволіць падвысіць нараджальнасць і ў перспектыве дасягнуць павелічэння насельніцтва да 30 млн чалавек, піша «Ежедневник».

«Не заўсёды высокі заробак або наяўнасць добрага жылля ўплывае на нараджальнасць, -- заявіў БелТА беларускі міністр адукацыі. -- Праблема грамадзянскіх шлюбаў, позняга ўступлення ў шлюб – гэта пытанні, якімі неабходна займацца. Трэба пераконваць моладзь, што вялікая і моцная сям'я – велізарная каштоўнасць для чалавека».

Псіхолаг Вольга Андрэева прытрымваецца іншага меркавання, лічачы, што эканамічныя фактары сур'ёзна ўплываюць на нараджальнасць. Псіхолаг падкрэслівае, што галоўным стымулам нараджальнасці можа стаць з'яўленне ў Беларусі сярэдняга класа:

«Нават класікі марксізму казалі, што для таго, каб нараджаць дзяцей, людзі павінныя мець дзе жыць, якасна харчавацца, добра апранацца, -- лічыць псіхолаг. -- Досвед Расеі паказвае, што ў забяспечаных сем'ях сярэдняга класа расце па тры-чатыры дзіцяці. У такіх сем'яў няма праблем з жыллём, яны могуць забяспечыць дзяцей якаснай ежай, добрай адукацыяй і медыцынскім абслугоўваннем. У асяроддзі расейскіх бізнэсмэнаў лічыцца пантовым мець па пяць дзяцей, гэта адна з прыкмет паспяховасці. У Беларусі таксама ёсць такія сем'і, але ў нас іх занадта мала. Калі дзяржава хоча, каб тут нараджалі больш дзяцей, яна павінная стымуляваць з'яўленне сярэдняга класа. Гэта было бы рашэннем праблемы, бо забяспечаным людзям, у якіх ёсць свая справа, не прыйшлося бы жабраваць у дзяржаве дзеля дзяцей».

Вольга Андрэева заяўляе, што ва ўмовах эканамічнага крызісу «безадказна заклікаць пладзіцца людзей, якія могуць страціць працу».

«Бо мы яшчэ нават не дасягнулі дна крызісу, -- кажа яна. -- Ці змогуць людзі забяспечыць добры ўзровень жыцця і адукацыі для сваіх дзяцей? Калі не, то гаворка ідзе аб вытворчасці вялікай колькасці непатрабавальнай працоўнай сілы».

Напісаць каментар 54

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках