13 чэрвеня 2026, Субота, 21:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У менскім заапарку хочуць заснаваць «казачую станіцу» (Відэа)

56

Так званыя казакі збіраюцца не толькі патруляваць заапарк у Менску, а размесціцца там грунтоўна.

Не так даўно рэспубліканскае грамадскае аб'яднанне «Беларускае казацтва» распачало ахову Менскага заапарка. Казачы патруль сочыць за парадкам на тэрыторыі заапарка па выходных днях.

«Пакуль гэта толькі эксперымент, пра пастаянную казачую ахову казаць пакуль рана, — паведаміў у тэлефоннай гутарцы БелаПАН начальнік асветніцкага аддзела Менскага заапарка Аляксандр Строганаў. — Аднак сама прысутнасць казакоў на тэрыторыі заапарка дысцыплінуе наведнікаў, спыняе распіццё спіртных напояў і паленне».

25 ліпеня карэспандэнт БелаПАН разам з паходным атаманам РГА «Беларускае казацтва», палкоўнікам Юрыем Яфімавым і атаманам Менскай гарадской казачай акругі Генадзем Жумянком прагуляўся па заапарку.

«Ініцыятыва ўвесці патруляванне тэрыторыі казакамі была ўнесеная дырэкцыяй заапарка, — паведаміў у інтэрв'ю атаман Яфімаў. — Гэта робіцца для таго, каб у заапарку захоўваўся парадак, правілы паводзінаў грамадзянаў у грамадскім месцы, было паважлівае стаўленне да братоў нашых меншых жывёлаў. На жаль, мы не можам дзяжурыць тут у будні, паколькі з'яўляемся грамадскай арганізацыяй. Зараз сканчаецца двухмесячны стажыровачны перыяд дзяжурстваў, і з 9 жніўня казакі прыступаюць да нясення сапраўднай патрульнай службы. Ва ўрачыстай абстаноўцы казакі атрымаюць адпаведныя пасведчанні і ў выходныя дні будуць несці службу ў адпаведнасці з Законам аб ахове грамадскага парадку ў добраахвотнай грамадскай дружыне дапамогі міліцыі».

На думку Яфімава, такая дапамога неабходная. «Гэта адна з асаблівасцяў дзейнасці нашай арганізацыі. У перспектыве са жніўня на базе заапарка мы хочам арганізаваць казачую станіцу. І гэта будзе трэцяя такая станіца ў Беларусі. Іх асноўная мэта — выхаванне пакалення, якое падрастае, каб нашыя кадэты авалодвалі конным спортам, таму што казак без каня — не казак», — лічыць атаман.

Нагадаем, што беларуская грамадскасць скептычна і насцярожана паставілася да актывізацыі ў Беларусі так званых «казакаў». У часы Расейскай імперыі казацкія палкі дасылалі ў Беларусь, каб расправіцца з паўстанцамі. Па сведчанні гісторыкаў, казакі пакінулі тут крывавыя сляды. Многа вядомых ў краіне людзей было забіта ці закатавана імі.

«Казацтва ў Беларусі - палітыканства, навязванне нам не толькі чужых стэрэатыпаў, але і наўпрост несяброўскіх. Казакі ў гісторыі Беларусі асацыююцца, перш за ўсё, са збіццём і прымусам да чужой насельніцтву веры. Тыя, якія сёння ходзяць з нагайками, на мой погляд, блазаны», - заявіў намеснік старшыні Партыі БНФ Вінцук Вячорка.

Ён таксама падкрэсліў, што ў адрозненне ад Украіны і паўднёвых рэгіёнаў Расеі «казакі ў Беларусі ніколі не былі саслоўем, ніколі не былі прадстаўленыя як дзяржаўны інстытут».

Напісаць каментар 56

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках