14 чэрвеня 2026, Нядзеля, 0:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Новы закон аб СМІ ў дзеянні: пракуратура вынесла папярэджанні 10 журналістам

1

Беларуская асацыяцыя журналістаў падвяла вынікі паўгадавога дзеяння Закона «Аб СМІ».

На прэс-канферэнцыі ў Менску намеснік старшыні БАЖ, юрыст Андрэй Бастунец пазітыўным момантам назваў тое, што дзеянне гэтага закона прыпыніла распрацоўку пастановы «Аб рэгуляванні Інтэрнэт-рэсурсаў», а таксама тое, што былі крыху «лібералізаваныя» падыходы да рэгістрацыі і перарэгістрацыі СМІ.

Але разам з тым Бастунец звярнуў асаблівую ўвагу на негатыўныя бакі дзеяння новага закона. Перш за ўсё, гэта датычыць магчымасцяў атрымання журналістамі інфармацыі, паведамляе «Еўрарадыё».

«За апошні год пагоршылася заканадаўства ў сферы доступу СМІ да інфармацыі. Былі ўнесеныя змены ў Закон «Аб дзяржаўнай службе», паводле якога дзяржаўныя службоўцы могуць выступаць у СМІ толькі пасля ўзгаднення з кіраўнікамі дзяржаўных органаў. І ўказ Лукашэнкі № 65 «Аб удасканаленні працы дзяржаўных органаў са сродкамі масавай інфармацыі» звёўся да таго, што ў гэтых органах пэўныя асобы, якія падпарадкаваныя непасрэдна кіраўнікам гэтых арганізацыяў і павінны даваць СМІ афіцыйную, адфільтраваную інфармацыю», - паведаміў Андрэй Бастунец.

Не стала лепш і сітуацыя з акрэдытацыяй журналістаў. Паводле словаў Бастунца, на працягу паўгода пракуратура вынесла 10 папярэджанняў журналістам, якіх абвінавачваюць у супрацоўніцтве з замежнымі СМІ. На думку юрыста, такім чынам пракуратура сама парушае закон.

«Пракуроры чытаюць адзін артыкул Закона «Аб СМІ» і не чытаюць іншы. Яны чытаюць, што дзейнасць на тэрыторыі Беларусі замежным журналістам без акрэдытацыі забароненая, але не чытаюць вызначэнне таго, хто лічыцца журналістам замежных СМІ. А ў законе пазначана, што такімі лічацца тыя, хто знаходзіцца ў штаце замежных СМІ. Ніхто не правярае: знаходзіцца ў штаце беларускі журналіст ці не», - заявіў эксперт.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках