17 траўня 2024, Пятніца, 18:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Еўразвяз не бачыць прагрэсу ў дыялогу з Беларуссю

14
Еўразвяз не бачыць прагрэсу ў дыялогу з Беларуссю

Амбасадар Вялікабрытаніі Найджэл Гулд-Дэвіс, завяршаючы сваю дыпламатычную місію ў Беларусі, заявіў, што ў нашай краіне ўсё яшчэ адбываюцца працэсы, якія замінаюць супрацоўніцтву з Еўразвязам.

У Еўрапейскім звязе апошнім часам не бачаць прагрэс з боку Беларусі ў двухбаковым дыялогу з Еўропай. Пра гэта заявіў журналістам у Менску Надзвычайны і Паўнамоцны амбасадар Вялікабрытаніі ў Беларусі Найджэл Гулд-Дэвіс, завяршаючы сваю дыпламатычную місію, паведамляе «Інтэрфакс».

«ЕЗ спадзяваўся на сталую дынаміку ў адносінах з Беларуссю, але я мушу сказаць, што тэмпы вельмі замарудзіліся», - сказаў Н.Гулд-Дэвіс.

Ён таксама адзначыў, што да канца 2009 года ЕЗ і ЗША разгледзяць некаторыя санкцыі ў дачыненні да Беларусі, якія былі «замарожаныя» з пачаткам дынамічнага дыялогу Беларусі з Захадам.

«Калі Беларусь хоча і спадзяецца на спрыяльнае вырашэнне гэтага пытання, неабходна актывізаваць тыя пазіцыі, пра якія ўжо неаднаразова было сказана», - дадаў амбасадар. Ён растлумачыў, што размова ідзе пра рэформы ў выбарчым праве, прадстаўленне свабоды сродкам масавай інфармацыі і дзейнасць няўрадавых арганізацый паводле еўрапейскіх стандартаў.

Пры гэтым абмасадар падкрэсліў, што ад Беларусі ў Еўропе чакаюць «невялікіх, але паслядоўных крокаў у гэтым накірунку».

Амбасадар адзначыў, што крокі, якія ЕЗ хоча бачыць ад рэспублікі, даўно агучаныя, паведамляе БелаПАН. У прыватнасці, Еўразвяз чакае рэформы выбарчага заканадаўства, забеспячэння свабоды і роўных умоў для дзейнасці СМІ і грамадзянскай супольнасці. «Пазіцыя Еўразвяза ў гэтым плане застаецца ўстойлівай і паслядоўнай. ЕЗ даўно ўжо прадэманстраваў сваю гатоўнасць рэагаваць на крокі Беларусі. Еўразвяз гатовы працягваць паглыбленне супрацоўніцтва, але ўзамен чакае пэўных намаганняў», — сказаў ён.

Таксама Найджэл Гулд-Дэвіс заявіў, што Еўрапейскі Звяз ніякім чынам не спаборнічае з Расеяй за тое, каб уцягнуць Беларусь у сваю сферу ўплыву.

«Я скажу цалкам шчыра: гэта памылковы і шкодны спосаб мыслення. ЕЗ - гэта інстытут XXI стагоддзя, а не дзяржава XIX стагоддзя. ЕЗ запрашае і прапаноўвае, але не пагражае і не прымушае. Мы былі б радыя бачыць, што ў Беларусі складваюцца выдатныя адносіны як з ЕЗ, так і з іншымі краінамі», - сказаў Н.Гулд-Дэвіс.

Амбасадар таксама адзначыў, што больш шчыльныя адносіны з ЕЗ могуць дапамагчы Беларусі ўмацаваць свой суверэнітэт.

«Як сябар Беларусі, я кажу - нам у Еўразвязе патрэбна дапамога беларускага бока, каб мы маглі і далей дапамагаць вам», - сказаў Н.Гулд-Дэвіс. Пры гэтым ён падкрэсліў, што «у Беларусі ўсё яшчэ адбываюцца рэчы, якія часам перашкаджаюць прагрэсу ў супрацоўніцтве Беларусі з Еўразвязам».

Нагадаем, што ў лістападзе сканчваецца выпрабавальны тэрмін, дадзены беларускім уладам Еўразвязам. У лістападзе, у залежнасці ад сітуацыі з дэмакратыяй у Беларусі, будзе вырашацца пытанне падаўжэння або прыпынення санкцый ЕЗ у дачыненні да беларускага рэжыму. Улады Беларусі павінны вызваліць палітвязняў, спыніць рэпрэсіі супраць апазіцыі, даць свабоду СМІ і няўрадавым арганізацыям, унесці змены ў Выбарчы кодэкс, каб у краіне стала магчымым правядзенне свабодных і дэмакратычных выбараў. Ні адна з гэтых умоў дагэтуль не выканана.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках