21 траўня 2024, aўторак, 8:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

МЗС Літвы паставіў беларускім уладам умову – канкрэтныя рэформы

Кіраўніцтва Літвы чакае ад Беларусі павагі дэмакратычных прынцыпаў.

Еўразвяз гатовы садзейнічаць развіццю дыялога з Беларуссю пры ўмове канкрэтных дзеянняў беларускага боку, якія сведчаць аб стварэнні грамадзянскай супольнасці і павазе дэмакратычных прынцыпаў, заявіў міністр замежных спраў Літвы Вігаўдас Ушацкас 24 жніўня на сустрэчы з кіраўніком МЗС Беларусі Сяргеем Мартынавым.

Як паведамляе прэс-служба літоўскага МЗС, сустрэча адбылася ў межах двухдзённага (24—25 жніўня) візіту Ушацкаса ў Беларусь. Літоўскі міністр падкрэсліў, што дыялог і канкрэтнае супрацоўніцтва важныя як для Беларусі, так і для ЕЗ, перадае БелаПАН.

На думку Ушацкаса, літоўска-беларускае супрацоўніцтва павінна актывізаваць амаль узгодненае двухбаковае пагадненне паміж Літвой і Беларуссю аб спрошчаным парадку перамяшчэння жыхароў памежных тэрыторый. «Я спадзяюся, што падпісанне гэтага пагаднення дазволіць пашырыць супрацоўніцтва двух дзяржаў, будзе спрыяць умацаванню адносін паміж насельніцтвам, а таксама з'явіцца больш магчымасцяў для эканамічнага супрацоўніцтва. Карысць ад падпісання такога пагаднення асабліва адчуюць нашы суайчыннікі, якія пражываюць у памежных з Беларуссю раёнах», — сказаў ён.

Падчас свайго візіту Ушацкас таксама сустрэўся з прадстаўнікамі мясцовых органаў улады, з якімі абмеркаваў пытанні актывізацыі супрацоўніцтва ў галіне культуры, захаванні спадчыны часоў Вялікага княства Літоўскага, сумесных праектаў у акадэмічнай сферы, галіне турызму, дзелавых адносін і сувязяў паміж насельніцтвам абедзвюх дзяржаў.

Апроч таго, па меркаванні Ушацкаса, запланаваны на 16—17 верасня дзелавы форум Літвы і Беларусі, які пройдзе ў Вільнюсе, адкрые новыя перспектывы для ўзаемавыгаднага эканамічнага супрацоўніцтва, у тым ліку і ў сферы транспарта.

Наведваючы месцы гістарычнай і культурнай спадчыны часоў ВКЛ у Лідзе, Наваградку, Нясвіжы і Міры, Ушацкас прапанаваў разгледзіць «магчымасць стварэння форума агульнай гістарычнай памяці», а таксама пытанне аб супрацоўніцтве Нацыянальных мастацкіх музеяў Літвы і Беларусі для ўзнаўлення і захавання аб'ектаў спадчыны ВКЛ. Міністр таксама прапанаваў падрыхтаваць дарожны даведнік па былых дарогах ВКЛ. Кіраўнік МЗС Літвы падкрэсліў, што для ўвасаблення ў жыццё такіх праектаў неабходна прыцягнуць фінансавыя сродкі з існуючых праграм ЕЗ.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках