23 снежня 2024, панядзелак, 8:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Палітычныя працэсы праходзілі ў закрытым рэжыме

14
Палітычныя працэсы праходзілі ў закрытым рэжыме

Сёння асудзілі 17 удзельнікаў акцыі «Не – расейскай акупацыі!». Ноч дэманстранты правялі ў турме на Акрэсціна.

Многія апазіцыянеры, якіх прывезлі сёння на аўтобусах у Цэнтральны суд Менску, збітыя. Як паведаміў сайту www.charter97.org актывіст грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Павал Юхневіч, калі дэманстрантаў пачалі заводзіць у суд, усе пабачылі, што пры затрыманні супрацоўнікі АМАПу пашкодзілі нос актывісту «Еўрапейскай Беларусі» Зміцеру Бародку. Збіты лідэр «Маладога Фронта» Зміцер Дашкевіч. У некалькіх чалавек была бачная на вопратцы кроў.

У суд прывезлі каардынатара грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Зміцера Бандарэнку, кіраўніка Менскай гарадской арганізацыі Партыі БНФ Віктара Івашкевіча, лідэра «Маладога Фронта» Зміцера Дашкевіча, актывістаў «Еўрапейскай Беларусі» Аляксандра Атрошчанкава і Зміцера Бародку, моладзевых актывістаў Антона Койпіша, Сержука Карповіча, Радзіёна Піражкова, Аліну Радачынскую, Алесю Якубоўскую, Мікіту Краснова, Максіма Сергійца, Аляксея Сянчылу і іншых.

Удзельнікаў дэманстрацыі абвінавацілі ў парушэнні артыкула 23-24 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэннях – «парушэнне правілаў правядзення масавых мерапрыемстваў».

Зміцер Бандарэнка быў прысуджаны да штрафу ў памеры 15 базавых велічынь (525 тысяч рублёў ці 185 даляраў). Сведкамі на працэсе выступалі супрацоўнікі АМАПу Пічугін і Старадубец. Прысуд вынес суддзя Ганчар С.В.

Віктар Івашкевіч прысуджаны да выплаты штрафу ў памеры 10 базавых велічынь (350 тысяч рублёў ці 124 даляры). Зміцер Дашкевіч аштрафаваны на 25 базавых велічынь (875 тысяч рублёў ці 311 даляраў). Прысуды абодвум палітыкам вынесла суддзя Карнюшка А.А.

Актывіст «Еўрапейскай Беларусі» Зміцер Бародка прысуджаны да штрафу ў памеры 25 базавых велічынь (875 тысяч рублёў ці 311 даляраў), суддзя – Ясяновіч Л.С. Аляксандр Атрошчанкаў – 15 базавых велічынь (525 тысяч рублёў ці 185 даляраў), суддзя Ганчар С.В.

Моладзевыя актывісты Уладзімір Варанецкі, Сяржук Карповіч, Кастусь Іваноў, Мікалай Спесіўцаў, Антось Койпіш прысуджаныя да штрафаў ў памеры 10 базавых велічынь (350 тысяч ці 124 даляры). Ірына Пятрова-Пчолкіна, Алеся Якубоўская, Андрусь Крэчка аштрафаваныя на 5 базавых велічынь (175 тысяч ці 62 даляры), Аліна Радачынская, Уладзімір Лемеш – на 7 базавых велічынь (245 тысяч ці 87 даляраў).

У знах салідарнасці з арыштаванымі апазіцыянерамі сёння да будынку суда Цэнтральнага раёна прыйшлі апазіцыйныя палітыкі, праваабаронцы, моладзевыя актывісты. Сярод тых, хто сёння прыйшоў у суд – кіраўнікі «Свабоднага тэатра» Наталля Каляда і Мікалай Халезін, лідэры Партыі БНФ Аляксей Янукевіч і Лявон Баршчэўскі, праваабаронцы Валянцін Стэфановіч і Уладзімір Лабковіч, старшыня ЗБС «Бацькаўшчына» Алена Макоўская.

Аднак ні палітыкам, ні праваабаронцам нічога не паведамлялі пра затрыманых і працэсах, якія маюць адбыцца над імі. Будынак суда быў ачэплены АМАПам, унутры таксама дзяжурыла вялікая колькасць міліцыі.

У залі суду не прапускалі праваабаронцаў, працэсы праходзілі ў закрытым рэжыме.

Нагадаем, што ўчора ў Менску была жорстка разагнаная акцыя пратэсту супраць уводу расейскіх войскаў на тэрыторыю Беларусі, якая прайшла пад лозунгам «Не – расейскай акупацыі!». Напярэдадні і падчас акцыі былі затрыманыя дзесяткі апазіцыянераў.

Акцыя праходзіла ў знак пратэсту супраць пачатку ваенна-стратэгічных вучэнняў «Захад-2009». Учора ў Беларусь пачалі прыязджаць першыя эшалоны з расейскімі салдатамі.

Адной з мэтаў вучэнняў называецца ліквідацыя ўзброеных канфліктаў, але беларускія дэмакраты ўпэўненыя, што вучэнні, якія маюць адбыцца, нясуць пагрозу незалежнасці Беларусі. Ніколі раней на тэрыторыю нашай краіны не ўваходзіла такая колькасць расейскіх вайскоўцаў – з 12,5 тысячаў салдатаў, якія задзейнічаныя у вучэннях, 6 тысячаў – расейцы. У той жа час рознымі палітычнымі кіраўнікамі Расеі не аднойчы заяўлялася пра магчымы ўвод расейскіх войскаў у Беларусь у выпадку пагрозы рэжыму Лукашэнкі.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках