18 чэрвеня 2026, Чацвер, 12:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

За акцыю салідарнасці з палітвязнямі – вялікі штраф

Актывіст «Еўрапейскай Беларусі» Максім Вінярскі, арыштаваны ўчора за ўдзел у акцыі з патрабаваннем вызваліць палітвязняў, прысуджаны да штрафу ў памеры 1 050 000 рублёў.

10 актывістаў грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» увечары 21 верасня вышлі на плошчу Якуба Коласа з партрэтамі палітвязняў Мікалая Аўтуховіча, Уладзіміра Асіпенкі і Арцёма Дубскага. Маладыя апазіцыянеры скандавалі «Свабоду палітвязням!».

Акцыя доўжылася 20 хвілінаў. Максім Вінярскі быў затрыманы, калі яе ўдзельнікі пачалі разыходзіцца. Дэмакратычны актывіст правёў ноч у турме на вуліцы Акрэсціна, а сёння з’явіўся перад судом, паведамляе сайт «Еўрапейская Беларусь».

Справу разглядала суддзя Савецкага раённага суда горада Менска Аксана Рэлява. Сведкамі выступілі супрацоўнік міліцыі Князеў і курсант акадэміі МУС Лабко.

Адвакат Вінярскага Павал Сапелка звярнуў увагу суддзі на істотныя супярэчанні ў паказаннях сведак і заклікаў спыніць справу, спасылаючыся на пастанову Вярхоўнага суда, у адпаведнасці з якой, стаянне з партрэтам не з’яўляецца мітынгам ці пікетам і не патрабуе зварота за дазволам ў мясцовыя органы ўлады.

Тым не менш, суддзя прызнала Вінярскага вінаватым у парушэнні артыкула 23.34 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях і прысудзіла яго да штрафу ў памеры 30 базавых велічынь – 1 050 000 беларускіх рублёў.

Нагадаем, што 8 лютага ў Ваўкавыску былі затрыманыя Мікалай Аўтуховіч, Юры Лявонаў і Уладзімір Асіпенка. 18 лютага ваўкавыскім прадпрымальнікам было прад'яўленае абвінавачванне па арт. 218 Крымінальнага кодэкса (наўмыснае знішчэнне альбо пашкоджанне маёмасці). 23 чэрвеня ў дачыненні да Аўтуховіча і, як паведаміла МУС, «іншых асобаў» узбуджаная справа па арт. 359 КК (тэрарыстычны акт) у выглядзе падрыхтоўкі (арт. 13).

Праваабаронцы лічаць затрыманых палітычнымі вязнямі, звяртаючы ўвагу на тое, што Аўтуховіч і Лявонаў раней ужо былі асуджаныя і прызнаныя міжнароднай супольнасцю вязнямі сумлення.

Ваўкавыскага прадпрымальніка Юрыя Лявонава вызвалілі з менскага следчага ізалятара 8 жніўня. У дачыненні да яго спыненыя следчыя дзеянні. Як чакаецца, судовы працэс па справе ваўкавыскіх прадпрымальнікаў можа пачацца ў лістападзе.

Актывіст «Маладога фронта» Арцём Дубскі 7 ліпеня 2009 года быў прысуджаны да года пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму за парушэнне правілаў адбыцця пакарання па «справе 14-ці».

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках