У Крамлі паскардзіліся на Трампа на саміце G7
1- 18.06.2026, 12:26
- 2,166
Прэзідэнта ЗША «накачвалі шкоднымі» для РФ ідэямі.
У Крамлі паскардзіліся, што еўрапейскія лідары на саміце G7 у Францыі «накачвалі» прэзідэнта ЗША Дональда Трампа «шкоднымі ідэямі».
Як паведамляе «Еўрапейская праўда», пра гэта заявіў памочнік крамлёўскага кіраўніка Юрый Ушакоў.
На пытанне, ці могуць еўрапейскія лідары ўплываць на амерыканскага прэзідэнта, Ушакоў сказаў: «Еўрапейцы аказваюць некарысны ўплыў, гэта зразумела, але Трамп таксама моцны палітык і прытрымліваецца ўласных поглядаў».
«Украінская тэма актыўна абмяркоўвалася падчас пасяджання саміту «сямёркі». Як можна меркаваць, Трампа накачвалі, я б сказаў, мабыць, бясплённымі, калі не шкоднымі, ідэямі», — сказаў ён.
Паводле слоў Ушакова, пасля саміту ў Францыі кантактаў паміж РФ і ЗША не было.
У сумеснай заяве па выніках саміту ў Эвіяне лідары краін G7 заявілі пра сваю гатоўнасць разгледзець прадастаўленне Украіне ліцэнзій на вытворчасць ракет-перахопнікаў непасрэдна на ўкраінскай тэрыторыі.
Акрамя таго, Трамп пасля саміту G7 расказаў пра «вельмі добрыя размовы» з Пуціным і Зяленскім і заявіў, што, маўляў, абодва хацелі б завяршыць вайну, але «не ведаюць, як».
Трамп сказаў, што дапускае аднаўленне санкцый супраць расійскай нафты пасля выключэння, якое ЗША ўвялі на фоне звышвысокіх глабальных цэн на энергарэсурсы з-за вайны з Іранам.