У Беларусь прыбыў кіраўнік МЗС Славакіі
- 7.09.2009, 9:10
Міністр замежных справаў Славакіі Міраслаў Лайчак прыляцеў у Беларусь увечары 6 верасня з двухдзённым візітам.
Як паведамляе прэс-служба Міністэрства замежных справаў Беларусі, падчас візіту запланаваная сустрэча Лайчака з яго беларускім калегам Сяргеем Мартынавым.
«Падчас візіту бакі маюць намер абмеркаваць шырокі спектр пытанняў двухбаковага супрацоўніцтва, у першую чаргу — у гандлёва-эканамічнай і інвестыцыйнай сферах, а таксама тэматыку ўзаемадзеяння Рэспублікі Беларусь з Еўрапейскім звязам», — адзначаецца ў паведамленні МЗС.
Акрамя таго, 7 верасня адбудуцца Беларуска-славацкі дзелавы форум і кантактна-кааперацыйная біржа, у якіх прымуць удзел чальцы славацкай дэлегацыі і прадстаўнікі кіраўніцтва Міністэрства эканомікі Беларусі і Беларускай гандлёва-прамысловай палаты.
У гэты ж дзень запланаванае адкрыццё ў Нацыянальным музеі Рэспублікі Беларусь выставы славацкіх мастакоў «Славацкая сімфонія майстроў з Кавачыцы», арганізаванай пры садзейнічанні амбасады Славацкай Рэспублікі ў Менску.