21 траўня 2024, aўторак, 11:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дэпутат Еўрапарламента Роза Тун: «Кожная краіна павінна дабівацца свабоды самастойна»

15
Дэпутат Еўрапарламента Роза Тун: «Кожная краіна павінна дабівацца свабоды самастойна»

Беларусь мае фантастычны патэнцыял, і аднойчы гэты патэнцыял будзе выкарыстаны.

Пра гэта заявіла ў эксклюзіўным інтэрв'ю сайту www.charter97.org дэпутатка Еўрапейскага Парламента ад Польшчы Роза Тун, якая прыймала ўдзел у святкаванні 20-й гадавіны перамогі прафсаюза «Салідарнасць» на першых свабодных выбарах і была адной з удзельніцаў акцыі «Экспрэс Салідарнасці», што прайшла ў Польшчы 26 жніўня-2 верасня.

- Сёлета ў Польшчы шырока адзначаецца 20-годдзе перамогі «Салідарнасці» на выбарах. Падводзячы вынікі, якая роля гэтай перамогі? Што гэта значыць для Польшчы і для ўсёй Еўропы, на Ваш погляд?

- Я б сказала, што нашая перамога шмат значыла не толькі для Польшчы, але і для ўсіх краінаў і для ўсёй Еўропы. Ранейшы падзел Еўропы, «жалезная заслона» з двума блокамі па абодва бакі – гэта было падобна на шнар, на рану на еўрапейскім арганізме, абсалютна штучную, разбуральную і хваравітую.

Такім чынам, перамога «Салідарнасці», якая пачалася з паўстання працоўных судаверфі, паўстання, якое затым як паводка пакрыла ўсю Польшчу і іншыя краіны Усходняга блока, было вызваленнем Еўропы ад дэспатызму. І гэта адкрыла дзверы да ўз'яднання Еўропы. Мы называем гэта ўз'яднаннем, рэінтэграцыяй, бо мы злучыліся ізноў, прыйшлі да нармальнага стану рэчаў. І цяпер мы жывем у нармальным стане. І я спадзяюся, гэта было пэўным прыкладам для краінаў – нашых суседзяў з усходу, якія не з'яўляюцца чальцамі Еўразвяза, але супрацоўнічаюць з ЕЗ, што мы разам можам шмат што зрабіць, каб жыць у міры, пры дэмакратыі і паважаць правы чалавека.

Апошнія 20 гадоў, і асабліва на працягу 5 гадоў сяброўства Польшчы ў Еўрапейскім Звязе, краіна грае важную ролю ў распаўсюджванні гэтых каштоўнасцяў. І гэтая падзея, «Экспрэс Салідарнасці», у якой мы зараз удзельнічаем, гэта таксама частка вялікага еўрапейскага праекту: давайце распаўсюджваць каштоўнасці свабоды, дэмакратыі і павагі да правоў чалавека там, дзе ёсць з гэтым праблемы.

-- Вы маеце на ўвазе Беларусь?

-- Нельга сказаць, што мы спецыяльна займаемся Беларуссю, але, вядома ж, мы ўважліва сочым за тым, што там адбываецца. Мы спадзяемся, што ў Беларусі адбудуцца рэформы, адбудуцца сапраўдныя дэмакратычныя выбары, і перспектывы бліжэйшага супрацоўніцтва з аб'яднанай Еўропай з часам стануць рэальнасцю. Гэтая краіна поўная фантастычнага патэнцыялу, таму я спадзяюся, што аднойчы гэты патэнцыял будзе выкарыстаны, і Беларусь пакажа сябе з найлепшага боку. Мы часта бачым цудоўных маладых людзей, якія прыязджаюць з вашай краіны. Але таксама, калі мы наведваем Беларусь, мы бачым, што там ёсць праблемы.

-- Вы ведаеце, што ў Беларусі ёсць палітвязні, адсутнічае свабода слова…

-- Вядома, час ад часу мы даведваемся пра новых палітвязняў. Афіцыйны Менск не называе іх так, хоць фактычна яны палітвязні. Мы вельмі ўважліва сочым за гэтымі падзеямі. Вядома, мы ведаем пра гэта. І таму Польшча настолькі адкрытая для супрацоўніцтва з людзьмі з Беларусі, са студэнтамі, якія не могуць вучыцца ў Беларусі, і прапаноўвае ім дапамогу, наколькі можа.

-- А як вы ацэньваеце палітыку Еўразвяза – весці дыялог з апошнім дыктатарам Еўропы?

-- З аднаго боку, ёсць аспекты, якія дэмакратычныя краіны Еўразвяза не могуць прыняць. З іншага боку, заўсёды важна трымаць дзверы адчыненымі, і працягваць дыялог. І дыялог з Беларуссю існуе. Нельга сказаць, што ў нас няма супрацоўніцтва. Мы супрацоўнічаем з Беларуссю, але ў канчатковым выніку гэта залежыць ад Беларусі, як яно будзе арганізаванае. Грамадзяне Беларусі павінны разумець, што, калі яны хочуць атрымаць дапамогу ў сваіх дэмакратычных пачынаннях, дык, у выніку, усё залежыць ад іх саміх. Еўразвяз хоча падкрэсліць, што адсутнасць павагі да правоў чалавека – гэта жудасная рэч, і мы гэта не прыймаем. З іншага боку, мы хацелі б заставацца ў дыялогу з ўсімі краінамі Еўропы, бо толькі такім чынам мы можам дасягнуць лепшай будучыні.

-- Гэта павінен быць дыялог на пэўных умовах?

-- Існуюць вельмі дакладныя ўмовы. Калі адбываюцца парушэнні правоў чалавека, Еўразвяз са свайго боку рэагуе на гэта. Умовы цалкам зразумелыя.

-- Вы сказалі, што з перамогі «Салідарнасці» у Польшчы пачалося вызваленне Еўропы. Ці павінна гэтае вызваленне скончыцца прыходам дэмакратыі ў Беларусь?

-- Тыя краіны, у якіх пакуль няма дэмакратыі, павінны змагацца за свабоду і дамагчыся яе. Але ніхто не зробіць гэтую працу за іншую краіну. Мы змаглі гэта зрабіць самастойна. І як бы цяжка ні было, кожная краіна павінна рабіць гэта самастойна, разлічваючы на дапамогу, супрацоўніцтва, але ініцыятыва павінна зыходзіць знутры. Не будзе пабочных, якія зробяць гэта для нас, якой бы цяжкой ні была сітуацыя.

Прафсаюз «Салідарнасць» з'яўляецца тут прыкладам. У юнацтве я ніколі не думала, што ўсё гэта адбудзецца, але з дапамогай агульных высілкаў і салідарнасці перамога стала магчымай. Мы толькі павінны верыць, што можам. Адказнасць ляжыць на нас. У рэшце рэшт, гэта простыя палякі дасягнулі пераменаў, дасягнулі нашмат больш, чым я магла сабе ўявіць калі-небудзь раней. У сваіх высілках людзі спадзяюцца на дапамогу, але высілкі павінны зыходзіць ад самой краіны. І ёсць прыклады перамог у шмат якіх краінах, якія атачаюць Беларусь.

-- У часы «Салідарнасці», да 1989 года, наколькі была важная для польскага народа салідарнасць, прынцыповасць Еўропы?

-- Я б сказала, што з 1980 года, нягледзячы на ваеннае становішча і ваенную дыктатуру, гэта была ўжо агонія рэжыму. Занадта павольная, яна працягвалася яшчэ некалькі гадоў, але, магчыма, гэты час быў патрэбны. Надзвычай важна, што «Салідарнасць» ужо існавала. І так, у выніку, гэта адчыніла дзверы магчымасці правесці круглы стол, а пазней – уступіць у еўрапейскія структуры, у ЕЗ і гэтак далей. «Салідарнасць» была зыходным і жыццёва важным элементам, і стаўленне да Польшчы на Захадзе моцна змянілася, бо шмат хто ўбачыў, што перспектыва таго, што Польшча рана ці позна вызваліцца ад савецкага панавання і савецкай дыктатуры, рэальная. І такое стаўленне да Польшчы засталося ўжо назаўжды.

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках