13 чэрвеня 2026, Субота, 4:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускі дыктатар: «Бізнэсмэны вітаюць парадак і не любяць псэўдадэмакратыю»

31

Лукашэнка лічыць, што замежнікам павінна быць камфортна супрацоўнічаць з Беларуссю, «нягледзячы на дыктатуру».

7 верасня беларускі кіраўнік сустрэўся з міністрам замежных спраў Славакіі Міраславам Лайчаком.

«Нам важна мець з вамі цеснае супрацоўніцтва. Пры гэтым мы не ставім ніякіх умоў, - цытуе Аляксандра Лукашэнку БелТА. - Галоўнае, каб вы ў канкурэнтнай барацьбе знайшлі сваё месца, а ніш для супрацоўніцтва ў нас дастаткова».

На яго думку, у Беларусі ёсць добрая прывілея: «Каштоўна, што мы стварылі добрую канкурэнцыю ў сферы інвестыцый. Я не буду казаць пра прывабнасць, заклікаць вас да чаго-небудзь. Бізнэсмэны добра ведаюць клімат». А з 1 студзеня 2010 года, калі «будзе створаны магутны эканамічны трыумвірат у выглядзе Мытнага звяза», працаваць з Беларуссю будзе яшчэ выгодней, адзначыў ён.

Адной з перавагаў краіны Аляксандр Лукашэнка назваў таксама «прыстойнае стаўленне» да інвестараў і ў цэлым бізнэсмэнаў, выкананне ўсіх узятых на сябе абавязкаў. «Калі мы дамовіліся, то мы свята выконваем дамоўленасці. У нас у гэтым плане ідэальны парадак – тое, што ў некаторых дзяржавах называюць дыктатурай. Бізнэсмэны вітаюць, што тут ёсць парадак: сказана – будзе зроблена. Яны не любяць рознага роду псэўдадэмакратыю», - сказаў кіраўнік.

Сёння ў Беларусі актыўна працуюць прадстаўнікі дзелавых колаў многіх краін. «Ёсць фактары, якія сведчаць, што тут працаваць можна», - падкрэсліў Лукашэнка.

Міністр замежных спраў Славакіі ў сваю чаргу адзначыў, што адной з мэт яго візіту з'яўляецца абмеркаванне адносін паміж ЕЗ і Беларуссю. Паводле яго слоў, Славакія імкнецца актыўна ўплываць на фармаванне пазіцыі ЕЗ у адносінах да Беларусі. Міраслаў Лайчак таксама з задавальненнем адзначыў той факт, што Беларусь стала паўнапраўным сябрам «Усходняга партнёрства», якое адчыняе добрыя магчымасці для двухбаковай інтэграцыі. Сёння важна напаўняць гэтую праграму канкрэтным зместам, дадаў ён.

Напісаць каментар 31

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках