Увялі адказнасць за адмову ад дактыласкапіі?
29- 4.01.2010, 10:48
Адміністрацыйнай справай скончылася для жыхара Бярозы спроба высветліць, дзеля чаго ён павінен здаваць адбіткі пальцаў.
Інцыдэнт адбыўся ў кабінеце следчага Дзмітрыя Гукіна, куды Руслан Сандрозд быў запрошаны па позве, паведамляе «Радыё Рацыя».
Па словах Руслана Сандрозда, следчага адразу ж вывела з сябе яго смеласць. Тым больш, што ў кабінеце было шмат сведак, якія моўчкі здавалі адбіткі пальцаў.
У пратаколе, складзеным у міліцыі, запісана: паводзіў сябе абуральна, абражаў супрацоўніка міліцыі Гукіна, пагражаў расправай, звальненнем з ворганаў. Паводле пратакола, сведкамі сталіся толькі супрацоўнікі міліцыі. Справа Руслана Сандрозда будзе разгледжаная ў судзе Бярозаўскага раёна (Берасцейская вобласць) 4 студзеня.
Нагадаем, што 17 снежня 2009 года «савет рэспублікі» ухваліў законапраект аб ўнясенні зменаў і дадаткаў у закон аб дзяржаўнай дактыласкапічнай рэгістрацыі. У сувязі з гэтым прадугледжваецца пашырэнне суб'ектаў абавязковай дактыласкапічнай рэгістрацыі за кошт ваеннаабавязаных.
Паводле новага закона, адбіткі пальцаў возьмуць ва ўсіх ваеннаабавязаных асобаў мужчынскага полу ва ўзросце ад 18 да 55 гадоў.
Варта адзначыць, што яшчэ ў сярэдзіне снежня мінулага года, кажучы пра змены ў законе, першы намеснік міністра ўнутраных справаў Беларусі Алег Пякарскі заявіў, што ўводзіць адказнасць за адмову ад праходжання дактыласкапічнай рэгістрацыі пакуль не плануецца.
«У цяперашні час няма прамога ўздзеяння і ўплыву на нашых грамадзянаў для праходжання імі дактыласкапічнай рэгістрацыі. Магчыма, пытанне аб прыцягненні да якой-небудзь адказнасці будзе разглядацца пазней», - сказаў Пякарскі.
Масавую незаконную дактыласкапію мужчынскага насельніцтва Беларусі сталі праводзіць пасля выбуху 4 ліпеня 2008 года ў Менску. У беларусаў бяруць адбіткі пальцаў пад выглядам запрашэння ў ваенкамат, позвы ў міліцыю. Таксама МУС пачало праводзіць дактыласкапію непаўнагадовых у сярэдніх спецыяльных навучальных установах.