19 траўня 2024, Нядзеля, 23:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Турагенцтвы: Зарабляць на візах у Беларусь – недарэчна

34

Павелічэнне кошту віз для замежнікаў пазбаўляе турагенцтвы магчымасці працаваць з заходнім рынкам.

Пра гэта БелаПАН заявіў дырэктар адной з найбуйнейшых турыстычных кампаній Беларусі «АлатанТур» Аляксей Стральчэнка.

З 1 студзеня 2010 года, з уступленнем у сілу Асаблівай часткі Падатковага кодэкса, у Беларусі ўніфікаваны падыход да консульскіх збораў з замежных грамадзян. У адпаведнасці са зменамі ў тры разы - з 60 да 180 еўра - узрос кошт віз, якія адкрываюцца ў Нацыянальным аэрапорце «Менск» грамадзянам з краін, дзе ёсць беларускае консульства. З 60 да 90 еўра ўзрос кошт віз для грамадзян з дзяржаў, дзе беларускага консульства няма. Пры гэтым для грамадзян ЗША збор за візу ўсталяваны ў 275 еўра. У консульствах Беларусі ў краінах ЕЗ збор за візу складае 60 еўра, скасаваная магчымасць атрымаць больш танную турыстычную візу.

Стральчэнка лічыць «па меншай меры некарэктнымі» дзеянні ў гэтай сітуацыі беларускага МЗС. Арганізацыі і ведамствы Беларусі, якія задзейнічаны ў працы з турыстамі, адзначыў ён, не былі папярэджаныя аб такім кроку. Як вынік, з 1 студзеня адзначалася мноства скаргаў ад замежных турыстаў, якім у аэрапорце давялося пераплачваць у тры разы за візы.

Дырэктар туркампаніі прагназуе, што новаўвядзенне адмоўна адаб'ецца на развіцці турыстычнай галіны: многія замежнікі адкрывалі беларускія візы ў менскім аэрапорце, бо консульствы Беларусі дзейнічаюць толькі ў сталіцах еўрапейскіх дзяржаў.

На думку Стральчэнкі, МЗС імкнецца зарабляць на консульскім зборы з замежнікаў, хаця зарабляць варта павялічваючы прыток турыстаў за кошт паляпшэння якасці іх абслугоўвання, пашырэння паслуг. «Ідэя зарабляць на консульскім зборы для Беларусі, якая не з'яўляецца турыстычнай Мекай, - недарэчна», - сказаў дырэктар «АлатанТура». Паводле яго словаў, нават краіны, якія жывуць за кошт турызму, такія як Егіпет і Турцыя, адкрываюць візы ў аэрапорце па мінімальных стаўках. У беларускім новаўвядзенні спецыяліст не бачыць «ніякай логікі», а таксама «эканамічнай мэтазгоднасці».

Што тычыцца ўніфікацыі кошту віз у замежных консульствах Беларусі, то, на думку спецыяліста, яна, магчыма, і была неабходная, але кошт не павінны быў падвысіцца так значна.

У МЗС Беларусі сітуацыю, якая склалася, пакуль не каментуюць.

Напісаць каментар 34

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках