19 красавiка 2024, Пятніца, 20:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

СМІ: Лукашэнка запрасіў літасці, але Расея дабівае яго новым кампраматам

69
СМІ: Лукашэнка запрасіў літасці, але Расея дабівае яго новым кампраматам

У пятніцу ў эфір тэлеканала НТВ выходзіць фільм «Хросны Бацька - 4. Апошняя восень».

Аляксандр Лукашэнка, які ўступіў у адкрыты канфлікт з Масквой, спрабуе разрадзіць абстаноўку, мяркуе расейская прэса. У сераду беларускі кіраўнік зрабіў прымірэнчы жэст, павіншаваўшы прэм'ера РФ Уладзіміра Пуціна з днём нараджэння. Адначасова беларускія «дэпутаты» заклікалі зрабіць усё, каб «стасункі паміж дзвюма краінамі не выйшлі з канструктыўнага рэчышча». На думку экспертаў, Лукашэнка ашаломлены жорсткасцю рэакцыі Масквы на яго выпады і спрабуе наладзіць стасункі, піша «Коммерсант». Між тым расейскі бок мірыцца, выглядае, не збіраецца - якраз сёння тэлебачанне рыхтуецца паказаць новы фільм-кампрамат пра рэжым Лукашэнкі, перадае NEWSru.com.

Дэманстратыўна праігнараваўшы ў верасні юбілей прэзідэнта РФ Дзмітрыя Мядзведзева, Лукашэнка падкрэслена цёпла павіншаваў з 58-годдзем расейскага прэм'ера, выказаўшы перакананне, што «багаты вопыт і аўтарытэт» Уладзіміра Пуціна «як кіраўніка» «будуць і надалей садзейнічаць умацаванню партнёрскіх стасункаў» паміж дзвюмя краінамі «ў рэчышчы ўзаемапавагі і плённага супрацоўніцтва».

Эксперт аналітычнага цэнтра «Стратэгія» Валер Карбалевіч лічыць, што Лукашэнка ашаломлены жорсткасцю рэакцыі Масквы на яго выпады і зараз хоча памірыцца. Гэты пункт гледжання падзяляе і шэф-рэдактар газеты «Народная воля» Святлана Калінкіна, якая паведаміла «Коммерсанту», што ў атачэнні беларускага кіраўніка ідзе барацьба дзвюх груповак.

«Першая схіляецца да канфрантацыі з Масквой і жорсткай знешняй палітыкі, другая ж разумее, што краіна павінна жыць і пасля 19 снежня (дзень прэзідэнцкіх выбараў)», - кажа эксперт. Менавіта з гэтым яна звязвае і дзіўную сітуацыю з прыняццем «парламенцкай» заявы, якую, па сутнасці, мянялі на хаду.

Гаворка ідзе пра заяву «парламента», прынятую па беларуска-расейскіх стасунках. Гэты дакумент стаў адказам на аналагічную пастанову Дзярждумы РФ. Нагадаем, у сераду Дзярждума прыняла афіцыйную заяву, у якой асудзіла паводзіны беларускіх уладаў як тыя, што падрываюць стасункі паміж РФ і Беларуссю. «Антырасейская рыторыка, якая выкарыстоўваецца кіраўніцтвам Беларусі, выклікае ... поўнае непрыманне ў расейскага народа ... Дэпутаты Дзяржаўнай думы падтрымліваюць пазіцыю, выказаную з гэтай нагоды прэзідэнтам Расейскай Федэрацыі», - кажацца ў дакуменце.

Такім чынам, расейскія дэпутаты падтрымалі пункт гледжання кіраўніка дзяржавы Дзмітрыя Мядзведзева, які ён выказаў днямі ў сваім відэаблогу. Прэзідэнт раскрытыкаваў кіраўніцтва Беларусі, якое, паводле яго словаў, абвясціла Расею ворагам. Ён назваў паводзіны беларускага кіраўніка, які дазваляе сабе рэзкія выказванні ў адрас кіруючага тандэму, як тыя, што выходзяць за межы чалавечых прыстойнасцяў.

Пазней з каментарамі выступіла прэс-сакратарка прэзідэнта РФ Наталля Цімакова. Паводле яе словаў, антырасейская рыторыка Лукашэнкі аказала ўплыў на стаўленне да яго ў Расеі, і зараз стасункі кіраўніцтва ў Маскве і Менску зайшлі ў тупік і «ужо не будуць ранейшымі».

Аднак у адрозненне ад расейскіх калегаў беларускія «дэпутаты» заклікалі зрабіць усё, каб «адносіны паміж дзвюма краінамі не выйшлі з канструктыўнага рэчышча». Праўда, у першапачатковым варыянце заявы ў значна больш жорсткай форме выказваліся прэтэнзіі да кіраўніцтва РФ. Аднак у выніку «дэпутаты» галасавалі за іншы варыянт дакумента - больш мяккі. Змякчэнне праекта прызнаў і спікер ніжняй «палаты», які заявіў, што новая рэдакцыя «атрымалася дастаткова вытрыманай».

Адзіным папрокам у адрас расейцаў сталі словы пра «непрыманне кампаніі па дыскрэдытацыі кіраўніка беларускай дзяржавы, разгорнутай у цэнтральных СМІ РФ» - «дэпутаты» палічылі, што гэтыя дзеянні наносяць шкоду развіццю сяброўскіх стасункаў паміж краінамі і братэрскімі народамі. Інфармацыйным супрацьстаяннем дзвюх краінаў эксперты палічылі паказ па НТВ фільма «Хросны бацька» пра выкраданні людзей у Беларусі, а таксама выступ па беларускім тэлебачанні прэзідэнта Грузіі Міхаіла Саакашвілі, з якім Масква адмаўляецца мець справу пасля нападу грузінскіх войскаў на расейскіх міратворцаў і сталіцу Паўднёвай Асеціі Цхінвалі.

Вайна працягваецца: НТВ распавядзе пра беларускі «эскадрон смерці»

Варта адзначыць, што так званая кампанія па дыскрэдытацыі працягнецца. У пятніцу ў эфір тэлеканала НТВ выходзіць фільм «Хросны Бацька - 4. Апошняя восень», паведамляе РБК.

Згодна з анонсам, праграма павінна адказаць на шэраг пытанняў, якія цікавяць грамадскасць - у прыватнасці, «Як дэпутацкі мандат выратаваў Лукашэнку ад турмы?», «Хто інсцэніраваў самагубства журналіста Алега Бябеніна?» І «Як забівалі іншых?». Акрамя таго, гледачоў чакаюць «адкрыцці байца беларускага эскадрону смерці».

Усе тры папярэднія серыі фільма «Хросны бацька» былі прысвечаныя дзейнасці Лукашэнкі. Сюжэт серыяла заснаваны на асвятленні фактаў карупцыі і парушэння правоў чалавека ў Беларусі, а сам кіраўнік пададзены ў ім як жорсткі дыктатар.

Нагадаем, у канцы жніўня Лукашэнка прызнаўся, што не глядзеў першыя серыі фільма, аднак выказаў упэўненасць у тым, што «такім чынам ні ў кога не атрымаецца пасварыць беларусаў і расейцаў».

Між тым Беларусь не збіраецца ўвязвацца ў інфармацыйны канфлікт з Расеяй, заявіў у чацьвер Лукашэнка падчас працоўнай паездкі па Менскай вобласці.

«Нам ні ў якім выпадку не трэба ўвязвацца ў гэтую бойку. Няхай робяць заявы, няхай гавораць, што заўгодна. Ні ў якім выпадку! Навошта нам нагнятаць абстаноўку вакол гэтага? Трэба ім нагнятаць абстаноўку, патрэбны ім вораг чарговы - няхай нагнятаюць. Але мы ні ў якім выпадку не павінны, ўвязваючыся ў гэта, падстаўляцца, - нам гэта не трэба», - сказаў кіраўнік.

Стасункі Масквы і Менска ўскладняліся ў апошнія гады з-за спрэчак па экспарце малака, мытных пошлінах і запазычанасці па газе. Аднак на мінулым тыдні яны перараслі ў адкрыты канфлікт, нагадвае РІА «Новости». Напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі прэзідэнт РФ Дзмітрый Мядзведзеў заявіў, што беларускае кіраўніцтва паслядоўна спрабуе зрабіць з Расеі аднаго з галоўных ворагаў краіны. Мядзведзеў адзначыў, што перадвыбарчая кампанія Лукашэнкі пабудаваная выключна на антырасейскіх сюжэтах, а таксама назваў ганебнымі паводзінамі беларускіх уладаў.

Напісаць каментар 69

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках