13 чэрвеня 2026, Субота, 19:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Актывіста «Маладога Фронту» папярэдзілі па «палітычным» артыкуле

Актывіст «Маладога фронту» Іван Стасюк атрымаў папярэджанне Берасцейскай абласной пракуратуры аб крымінальнай адказнасці паводле артыкула 193-1.

Пра гэта паведаміла прэс-служба «Маладога фронту». У моладзевай арганізацыі не выключаюць, што праблемы з органамі правапарадку пачаліся ў Івана Стасюка пасля таго, як ён прыняў рашэнне ўдзельнічаць у мясцовых выбарах у якасці кандыдата.

Нагадаем, што 6 лютага Івана Стасюка вызвалілі з ізалятара часовага ўтрымання. Стасюк быў затрыманы 3 лютага. Яго арыштавалі за тое, што ён нібыта ўдзельнічаў у масавай бойцы, якая адбылася 23 студзеня ў Берасці. Адзін з сведкаў па фотаздымках і прадастаўленай міліцыянтамі відэатэцы быццам бы пазнаў Стасюка.

Адзначым, што з 2000 года ў Беларусі не рэгіструюцца новыя партыі. Шматлікія, але пакуль безвыніковыя спробы зарэгістравацца робяць «Беларуская хрысціянская дэмакратыя», «Беларуская партыя працоўных», «Партыя свабоды і прагрэсу», а таксама грамадскае аб'яднанне «Малады фронт».

У сваёй рэзалюцыі, прынятай у студзені 2009 года, Еўрапарламент заклікаў афіцыйны Менск паважаць правы чалавека, у прыватнасці «ўнесці неабходныя змяненні ў Крымінальны кодэкс, выдаліўшы артыкулы 367, 368 і 369-1, а таксама артыкул 193, якія часта выкарыстоўваліся ў якасці сродку ціску».

Згодна з артыкулам 193-1 (удзел у незарэгістраванай арганізацыі) былі пакараныя шэраг актывістаў. Сярод іх Аляксандр Шалайка, Цімафей Дранчук, Зміцер Дашкевіч, Зміцер Хведарук, Кацярына Салаўёва, Алег Корбан, Наста Палажанка і іншыя.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках