26 красавiка 2024, Пятніца, 20:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Малады фронт» назваў лаўрэатаў прэміі «Люблю Беларусь»

Прэміі будуць уручаныя лаўрэатам у асабіста з-за адмовы гатэля Crown Plaza даць арэнду для правядзення культурнага мерапрыемства.

Намеснік старшыні незарэгістраванай арганізацыі «Малады фронт» Іван Шыла 11 лютага абвесціў імёны лаўрэатаў прэміі «Люблю Беларусь».

Першапачаткова планавалася, што ўручэнне адбудзецца на Дзень святога Валянціна ў гатэлі Crown Plaza. Аднак у апошні момант адміністрацыя гатэля скасавала дамову на арэнду памяшкання, нагадвае газета «Наша Ніва».

«Малады фронт» прыняў рашэнне не праводзіць сёлета святочнай цырымоніі, а ўручыць гэтыя прэміі лаўрэатам асабіста. Такім чынам, прэмію «Люблю Беларусь» атрымаюць наступныя асобы:

У намінацыі «беларусізацыя» прэмію атрымала кампанія «Будзьма», за правядзенне сотняў культурніцкіх мерапрыемстваў па ўсёй краіне.

У намінацыі «Pro-Belarus» адзначаліся замежнікі, якія зрабілі ўнёсак у развіццё беларускай культуры. Прэмію атрымаў амбасадар Швецыі Стэфан Эрыксан.

У журналістыцы «Малады фронт» адзначыў рэдакцыю газеты «Наша Ніва» за якасць беларускамоўнага прадукта, цікавага не толькі ў апазіцыйным асяроддзю.

У намінацыі «Культура» прэмію атрымае Мікалай Халезін і «Свабодны тэатр».

Палітыка - старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч.

Грамадская дзейнасць - Міхаіл Пашкевіч за стварэнне кампаніі «За альтэрнатыўную службу».

Спорт - футбольны клуб «Тарпеда» , фанаты якога беларусізуюць клуб.

У намінацыі «Змагар года» адзначаны палітвязень Арцём Дубскі, які зараз адбывае пакаранне ў магілёўскай калоніі.

Усе лаўрэаты атрымаюць у падарунак статуэткі, дзе будзе напісаны радок з верша Янкі Купалы «збожжа, укінутае ў ніву, усходзіць ды красуе». Прызы выраблялі студэнты Акадэміі мастацтваў.

Іван Шыла заявіў, што прэмія «Люблю Беларусь» стане штогадовай. І падрыхтоўка да новай прэміі распачалася ўжо зараз.

Нагадаем, што пасля забароны на ўручэнне прэміі «Люблю Беларусь!» у гатэлі Crown Plaza «Малады фронт» вырашыў правесці 14 лютага вулічную акцыю.

Акцыя распачнецца 14-га лютага ў 18:00 на плошчы Свободы каля Менскай Ратушы. Пасля гэтага маладафронтаўцы маюць намер прайсці шэсцем да плошчы Незалежнасці.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках