Януковіч стаў прэзідэнтам Украіны
36- 25.02.2010, 10:43
Сёння, 25 лютага, Віктар Януковіч стаў прэзідэнтам Украіны і прынёс прысягу ўкраінскаму народу.
Перад прысягай кіраўнік ЦВК Уладзімір Шапавал апублікаваў вынікі выбараў Украіны, якія прайшлі.
Пасля гэтага Януковіч прынёс прысягу ўкраінскаму народу, паклаўшы правую руку на Канстытуцыю Украіны і Евангелле.
«Я, Віктар Януковіч, воляй народа абраны прэзідэнтам Украіны, займаючы гэтую высокую пасаду, урачыста прысягаюся на вернасць Украіне. Абавязваюся ўсімі сваімі справамі адстойваць суверэнітэт і незалежнасць Украіны, клапаціцца пра дабро Айчыны і дабрабыт Украінскага народа, адстойваць правы і свабоды грамадзянаў, выконваць Канстытуцыю Украіны і законы Украіны, выконваць свае абавязкі ў інтэрасах усіх суайчыннікаў, падвышаць аўтарытэт Украіны ў свеце», - сказаў новаабраны кіраўнік дзяржавы.
Пазней Януковіч падпісаў тэкст прысягі, а кіраўнік Канстытуцыйнага суда Украіны Андрэй Стрыжак уручыў яму пасведчанне аб займанні пасады прэзідэнта Украіны.
Ён таксама перадаў Януковічу сімвалы прэзідэнцкай улады - пячатку і булаву прэзідэнта Украіны, а таксама надзеў на Януковіча калар - нагрудны знак прэзідэнта - ордэнскі ланцуг з гербавымі медальёнамі, перадае «Корреспондент.net».
Падчас прысягі ўсе прысутныя ў зале ўзняліся.
Фракцыя Блока Юліі Цімашэнкі праігнаравала паседжанне Вярхоўнай Рады Украіны, прысвечанае ўрачыстай цырымонію інаўгурацыі.
Месцы бютаўцаў у зале пуставалі. Акрамя таго, у прэзідыюме парламента адсутнічаў віцэ-спікер, адзін з лідэраў БЮТ Мікалай Таменка.
Дарэчы, калі спікер Вярхоўнай Рады Уладзімір Літвін абвесціў, што сярод прысутных прэзідэнтаў ёсць Аляксандр Лукашэнка, таго ў зале не было. Літвін адзначыў, што Лукашэнка прыме ўдзел у наступных урачыстасцях з нагоды ўступлення Януковіча на пасаду.
Нагадаем, што Лукашэнка накіраваўся з працоўным візітам ва Украіну яшчэ ўчора 24 лютага. У яго прэс-службе паведамілі, што ён прыме ўдзел «у мерапрыемствах з нагоды ўступлення ў пасаду новаабранага прэзідэнта Украіны Віктара Януковіча, а таксама правядзе шэраг міжнародных сустрэчаў».
Пра ўдзел Лукашэнкі ў інаўгурацыі раней паведамілі ў Міністэрстве замежных справаў Украіны, аднак, па словах прадстаўніка прэс-службы, яго прыбыццё чакалася раніцай.