Юшчанка даў наказ Януковічу
7- 25.02.2010, 15:52
У Сакратарыяце прэзідэнта адбылася сустрэча Прэзідэнта Украіны Віктара Януковіча і экс-прэзідэнта Украіны Віктара Юшчанкі.
Як паведаміла журналістам экс-прэс-сакратар Юшчанкі Ірына Ваннікава, Юшчанка і Януковіч сустрэліся на 4-м паверсе, дзе знаходзіцца кабінет кіраўніка дзяржавы.
Юшчанка павіншаваў Януковіча з уступленнем на пасаду і запрасіў прайсці ў працоўны кабінет, дзе адбылася іх кароткая сустрэча, паведамляе «Корреспондент».
Паводле Ваннікавай, галоўнае, што сказаў Юшчанка Януковічу: «Віктар Фёдаравіч, Украіна - вышэй за ўсё».
Нагадаем, раней крыніцы СМІ паведамілі, што ў кабінеце кіраўніка дзяржавы экс-прэзідэнт Украіны Віктар Юшчанка перадаў паўнамоцтвы новаму прэзідэнту Віктару Януковічу.
Віктар Юшчанка, таксама як і прэм'ер Юлія Цімашэнка, не прысутнічаў на цырымоніі інаўгурацыі Віктара Януковіча. Пра сваё нежаданне браць удзел у гэтай падзеі Віктар Юшчанка паведаміў загадзя, пры гэтым ён заявіў, што сустрэнецца з Януковічам пасля інаўгурацыі.
Нагадаем, сёння, 25 лютага, Віктар Януковіч прынёс прысягу ўкраінскаму народу ў Вярхоўнай Радзе і стаў прэзідэнтам Украіны. Затым Януковіч прыняў камандаванне Узброенымі сіламі Украіны і прыступіў да выканання абавязкаў прэзідэнта.
Сваім першым указам новы Прэзідэнт перайменаваў Сакратарыят прэзідэнта ў Адміністрацыю прэзідэнта.