Дыктатар спазніўся на інаўгурацыю Януковіча
49- 25.02.2010, 11:21
Пасля таго, як падчас інаўгурацыі спікер Вярхоўнай Рады абвесціў, што на цырымоніі прысутнічае Аляксандр Лукашэнка, тэлекамеры паказалі пустое крэсла.
У Вярхоўнай Радзе адбылася ўрачыстая цырымонія інаўгурацыі чацвёртага прэзідэнта Украіны Віктара Януковіча.
Уступаючы ў пасаду, Януковіч прынёс прысягу на Евангеллі і Канстытуцыі Украіны, пасля чаго атрымаў ад старшыні Канстытуцыйнага Суда пасведчанне прэзідэнта і сімвалы прэзідэнцкай улады – пячатку і булаву, перадае «Радыё Свабода».
Калі спікер Вярхоўнай Рады Уладзімір Літвін абвесціў, што сярод прысутных прэзідэнтаў ёсць Аляксандр Лукашэнка, таго ў зале не было. Літвін адзначыў, што Лукашэнка прыме ўдзел у наступных урачыстасцях з нагоды ўступлення Януковіча на пасаду. На 14 гадзінаў дня запланаваны прыём для кіраўнікоў замежных дэлегацыяў.
Нагадаем, што Лукашэнка накіраваўся з працоўным візітам ва Украіну яшчэ ўчора 24 лютага. У яго прэс-службе паведамілі, што ён прыме ўдзел «у мерапрыемствах з нагоды ўступлення на пасаду новаабранага прэзідэнта Украіны Віктара Януковіча, а таксама правядзе шэраг міжнародных сустрэчаў».
Пра ўдзел Лукашэнкі ў інаўгурацыі, якая адбылася сёння, раней паведамілі ў Міністэрстве замежных справаў Украіны, аднак, па словах прадстаўніка прэс-службы, яго прыбыццё чакалася раніцай.