Ва Украіне па патрабаванні Старсбургскага суда вызвалілі Ігара Коктыша (Фота)
8- 3.02.2010, 14:53
Раней «Міжнародная амністыя» прызнала беларуса вязнем сумлення і забараніла Украіне перадаваць яго беларускаму боку.
У Крыме пасля працяглага знаходжання ў сімферопальскім следчым ізалятары вызвалілі 29-гадовага моладзевага актывіста і рок-музыку Ігара Коктыша, якога абвінавачвалі ў Беларусі ў цяжкім крымінальным злачынстве. Як паведамляе «Радыё Свабода», Коктыш больш за два з паловай гады ў зняволенні чакаў экстрадыцыі ў Беларусь.
Яго адвакатам удалося пераканаць Еўрапейскі суд па правах чалавека ў палітычнай падставе абвінавачванняў і ў неправамоцных дзеяннях украінскай улады.
Увечары 2 лютага Ігар Коктыш выйшаў на свабоду і разам з жонкай Ірынай, якая яго сустракала ля сцен СІЗА, цягніком выехаў у сталіцу Украіны.
Крымінальную справу супраць баранавіцкага музыкі і стваральніка гуманітарнай асацыяцыі імя святога Яна Боска распачалі ў студзені 2001 года. Яго абвінавацілі ў забойстве сваяка блізкага сябра.
Лідэр групы «Млечны шлях» дзесяць месяцаў правёў у баранавіцкім СІЗА. Ён казаў, што там яго катавалі, пакідаючы голага ў халоднай камеры, не даючы лекаў супраць астмы, і часта збівалі.
У 2001 годзе Берасцейскі раённы суд прызнаў яго невінаватым. Аднак пазней пракуратура апратэставала рашэнне. Ігар Коктыш у той час ужо знаходзіўся ва Украіне і вырашыў не вяртацца ў Беларусь.
Ва Украіне яго затрымалі мясцовыя супрацоўнікі міліцыі. 25 красавіка 2007 года змясцілі ў камеру сімферопальскага СІЗА да экстрадыцыі ў Беларусь. У лістападзе 2007 года праваабарончая арганізацыя «Міжнародная амністыя» прызнала Ігара Коктыша вязнем сумлення.
Беларусь патрабавала яго выдачы, абвінавачваючы ў забойстве. Сам Ігар Коктыш такія абвінавачванні абвяргаў і сцвярджаў, што гэта - помста ўладаў за яго актыўную падтрымку апазіцыйнага кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Мілінкевіча, які тады балатаваўся на пасаду кіраўніка беларускай дзяржавы.
Ігар Коктыш быў вызвалены паводле рашэння Генпракуратуры Украіны і па патрабаванні Еўрапейскага суда па правах чалавека. У сваім рашэнні ад 10 снежня 2009 года Еўрапейскі суд звярнуў увагу на парушэнне дзяржавай Украіна ў дачыненні да Ігара Коктыша адразу некалькіх артыкулаў Еўрапейскай канвецыі па правах чалавека, абавязаўшы краіну таксама выплаціць яму 7 тысяч еўра кампенсацыі.
Разам з тым Ігар Коктыш заявіў, што выкананне Украінай патрабавання Еўрапейскага суда, хоць з амаль двухмесяцовай затрымкай, сведчыць, што гэта ўсё ж ёсць дэмакратыя і за яе варта змагацца.
«Я пераканаўся: справядлівасць ёсць, яе можна дасягнуць. Але адзіная праблема ў тым, што яе цяжка дамагацца. У маім жа выпадку я прасядзеў больш за два з паловай гады, бо проста не было закону аб экстрадыцыі. Гэта элемэнтарныя рэчы, якія не вырашыць. Гэта праблема».
Па словах Ігара Коктыша, цяпер ён хоча адпачыць і палячыцца. Кажа, што ні на каго не трымае зла. Але, усё ж судзіцца ён мае намер і далей - за права жыць ва Украіне. Суд па яго пазову па прызнанні за ім статусу палітычнага бежанца павінен адбыцца ў Сімферопалі 12 лютага.
