11 чэрвеня 2026, Чацвер, 2:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Міжнародная амністыя» прызнала яшчэ аднаго беларуса вязнем сумлення

3

Праваабарончая арганізацыя «Міжнародная амністыя» прызнала вязнем сумлення Ігара Коктыша, які знаходзіцца ў сімферопальскім СІЗА ў чаканні экстрадыцыі ў Беларусь.

30-гадовы Ігар Коктыш абвінавачваецца беларускай пракуратурай у наўмысным забойстве. З 25 чэрвеня 2007 года ён знаходзіцца ў СІЗА на тэрыторыі Украіны і чакае экстрадыцыі, паведамляе «Радыё Свабода».

«Міжнародная амністыя» звярнулася да ўкраінскіх уладаў з просьбай не выдаваць беларускаму боку Ігара Коктыша.

Крымінальную справу супраць баранавіцкага музыкі і стваральніка гуманітарнай асацыяцыі імя святога Яна Боска распачалі ў студзені 2001 года. Яго абвінавацілі ў забойстве сваяка блізкага сябра.

Лідэр групы «Млечны шлях» дзесяць месяцаў правёў у баранавіцкім СІЗА.

Ён казаў, што там яго катавалі, пакідаючы голага ў халоднай камеры, не даючы лекаў супраць астмы, і часта збівалі. 7 снежня 2001 года Берасцейскі раённы суд прызнаў яго невінаватым. На судзе сведкі казалі, што на момант забойства Ігар Коктыш знаходзіўся ў іншым горадзе.

У красавіку 2002 года пракуратура апратэставала рашэнне і вярнула справу на перагляд у Берасцейскі суд.

Ігар Коктыш у той час ужо знаходзіўся ва Украіне і вырашыў не вяртацца ў Беларусь.

Ва Украіне яго затрымалі мясцовыя супрацоўнікі міліцыі. 25 красавіка 2007 года змясцілі ў камеру сімферопальскага СІЗА да экстрадыцыі ў Беларусь.

У кастрычніку 2007 года Еўрапейскі суд па правах чалавека забараніў Украіне перадаваць арыштаванага беларускаму боку, а «Міжнародная амністыя» адначасова правяла акцыю тэрміновай дапамогі, звярнуўшыся да ўкраінскіх уладаў з патрабаваннем не дазволіць экстрадыцыю.

У 2008 годзе ва Упраўленне Вярхоўнага Камісара ААН па справах уцекачоў звяртаўся Аляксандр Мілінкевіч з просьбай пасадзейнічаць Ігару Коктышу ў даванні ва Украіне статусу палітычнага ўцекача.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках