Зяленскі напісаў адкрыты ліст Пуціну
10- 4.06.2026, 21:44
- 6,078
Прэзідэнт Украіны прапануе прамыя перамовы, каб завяршыць вайну.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі у чацвер, 4 чэрвеня, апублікаваў адкрыты ліст расійскаму дыктатару Уладзіміру Пуціну. Поўны тэкст ліста апублікаваны на сайце Офіса Прэзідэнта Украіны.
У лісце ўкраінскі лідар нагадвае, што Расія нясе сур'ёзныя страты на фронце (63% забітымі і 37% параненымі), пастаянна пераносіць тэрміны захопу Данецкай вобласці, а расіяне ўсё больш незадаволеныя атакамі ўкраінскіх дронаў і ракет, дэфіцытам бензіну, пастаяннымі забаронамі і планамі РФ правесці другую хвалю мабілізацыі. Ён таксама адзначае, што Украіне ўжо ўдалося перанесці вайну на тэрыторыю Расіі, а краіна-агрэсар цяпер цалкам залежыць ад Кітая.
«Вы не чакалі поўнамаштабнага супраціву Украіны і не прагназавалі, што ўсё зайдзе так далёка. Але мы ўсе тут — на пятым годзе поўнамаштабнага супрацьстаяння. Не бойцеся выйсці з вайны — гэта галоўнае, што цяпер ад вас патрабуецца. Украіна захоўвае незалежнасць. І захавае. Нягледзячы на любыя прагнозы», — піша Зяленскі.
Прэзідэнт Украіны піша, што, паводле дадзеных выведкі, Пуцін разглядае планы вайны на 2027–2028 гады, хоча яшчэ мацней уцягнуць у вайну Беларусь і «разыгрывае нейкую партыю з Прыднястроўем».
Зяленскі падкрэслівае, што Украіна прапануе закончыць вайну «ў фармаце паміж вамі і намі», і прапануе Пуціну сустрэцца і вызначыць для гэтага дакладную дату. Ён дадае, што да двухбаковага трэку могуць далучыцца іншыя выбраныя ўдзельнікі.
Прэзідэнт Украіны піша, што Украіна гатовая цалкам спыніць агонь дзеля перамоваў і гатовая правесці абмен ваеннапалоннымі па прынцыпе «ўсіх на ўсіх».
«Трэба вызначыць, якім будзе будучыня для ўсіх наступных пакаленняў украінцаў і расіян. Калі вы асабіста ў сваіх думках не прыйдзеце да ідэі, што гэтую вайну пара заканчваць, Украіна працягне змагацца за сваё існаванне. У нас будуць тыя, хто нас падтрымае. Але і вам давядзецца значна мацней змагацца за сваё існаванне — не Расіі, а ваша асабістае. І гэта не пагроза ад мяне або Украіны. Гэта факты расійскай гісторыі, якія вы добра ведаеце: калі Расія стамляецца, адбываюцца змены. Мы можам працаваць на такую стомленасць. Вы можаце спыніць сваю вайну. Вечная памяць усім, чые жыцці забрала гэтая вайна. Слава Украіне!», — заканчваецца ліст.