Папа Лев XIV адслужыў імшу ў саборы Саграда Фамілія ў Барселоне
- 10.06.2026, 23:59
Імша была прымеркавана да 100-годдзя з дня гібелі знакамітага архітэктара Антоні Гаўдзі.
Папа рымскі Лев XIV правёў імшу ў саборы Саграда Фамілія ў Барселоне і асвяціў цэнтральную вежу Ісуса Хрыста, пішуць іспанскія СМІ. Імша была прымеркавана да 100-годдзя з дня гібелі знакамітага барселонскага архітэктара Антоні Гаўдзі, па праекце якога ўзводзіцца Саграда Фамілія, — 10 чэрвеня 1926 года яго насмерць збіў трамвай. На імшы ў саборы і побач з ім прысутнічала 8 тыс. чалавек, у тым ліку кароль Іспаніі Філіп VI.
У 2010 годзе папа рымскі Бенедыкт XVI асвяціў Саграду Фамілію і абвясціў яе «малой базілікай» — да гэтай катэгорыі належыць большасць найбуйнейшых каталіцкіх сабораў у свеце, акрамя некалькіх папскіх базілік.
Будаўніцтва сабора цягнецца ўжо 144 гады і цяпер блізіцца да завяршэння. Будынак будуецца з перапынкамі з 1882 года. Антоні Гаўдзі спачатку не меркаваў, што будаўніцтва храма будзе завершана пры ягоным жыцці. Пры ім была пабудавана толькі адна з 18 запланаваных вежаў. У бягучым годзе была дабудавана апошняя, цэнтральная вежа сабора. Цяпер гэта найвышэйшы храм у свеце. Пры гэтым канчатковае завяршэнне ўсіх прац у саборы Саграда Фамілія запланавана толькі на 2034 год.
Асвячэнне вежы Ісуса Хрыста Саграды Фаміліі — цэнтральная частка візіту Льва XIV ў Іспанію, які пачаўся 6 чэрвеня. Гэта першы за 15 гадоў візіт папы рымскага ў Іспанію. Імшу, якую правёў папа 7 чэрвеня ў Мадрыдзе, наведалі больш за мільён чалавек.