10 траўня 2024, Пятніца, 21:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Уэйн Грэцкі: «Я з дзяцінства чуў беларускую мову»

33
Уэйн Грэцкі: «Я з дзяцінства чуў беларускую мову»

Вялікі канадскі хакеіст сустрэўся ў Менску са сваімі беларускімі сваякамі.

Жыл калісьці беларус Цярэнці Лаўрэнцьевіч Грэцкі. Відаць, жылася яму ў Расейскай імперыі несалодка, і дзесьці ў пачатку ХХ стагоддзя вырашыў пашукаць шчасця за акіянам, з'ехаўшы далей ад вайны і разрухі. З жонкай Ганнай і сынам Зіновіем адправіўся Цярэнці ў Канаду. Відаць, жылася там беларускім паляшукам нядрэнна, калі ў сям'і яшчэ з'явілася чацвёра дзяцей - Фёдар, Васіль, Кацярына і Вольга. Як піша «Комсомольская правда в Беларуси», сямейная гісторыя замоўчвае, што ў той Канадзе адбылося, але Ганна з дзецьмі дзесьці ў 30-х вярнулася ў сваю беларускую вёсачку, якая тады была пад Польшчай. Быццам бы за жонкай павінен быў следам прыехаць і Цярэнці, ды так і не прыехаў. Ганна не змагла наладзіць новае жыццё без мужа і хацела вярнуцца за акіян, але не атрымалася.

Цярэнці, не дачакаўшыся сваёй Ганны, ажаніўся ў другі раз на польцы. Пайшлі дзеці. Нарадзіўся і хлопчык Вальтэр, а ў Вальтэра - Уэйн. Уэйн стаў вялікім спартоўцам - Пеле хакея.

І аднойчы беларуская галіна Грэцкіх, у чарговы раз пачуўшы імя Уэйн Грэцкі, вырашыла даведацца, ці не даводзіцца ён ім сваяком. Галіна Салдаценкава - унучка Цярэнція з беларускага горада Свіслач, ўзгадвала, што яе тата Зінові яшчэ доўгі час перапісваўся з бацькам і той яму дасылаў з Амерыкі фатаграфіі. Пісаў і пра Уэйна, якога называлі Янкам.

З Амерыкі прыйшоў ліст ад Альберта Грэцкі - дзядзькі Уэйна. І ўсе пераканаліся, што яны сваякі! Але далей некалькіх лістоў справа не пайшла. Гэтая гісторыя ў агульных рысах расказаная нам Галінай Салдаценкавай. Атрымлівалася, што ў іх з Уйэнам агульны дзед.

Пасля прыезду ў Беларусь канадскі хакеіст даведаўся пра існаванне сваіх беларускіх сваякоў, пасля чаго патэлефанаваў у Канаду свайму бацьку Вальтэру.

Тата сказаў, што прыедзе ўлетку ў Беларусь, пабачыцца са сваякамі, - сказаў Уэйн на наступны дзень.

Да вечара ў Менск прыехалі беларускія сваякі Уэйна Грэцкі, якія пасля хакейнага матчу ў «Менск-арэне» сустрэліся з канадскім хакеістам у гатэлі «Еўропа».

Дзецям Грэцкі падаравалі беларускія цукеркі

Нягледзячы на шчыльны графік сустрэчаў, Уэйн усёткі знайшоў час пабачыцца з Галінай Салдаценкавай. Ён прыехаў з Матчу зорак, паспаў паўтары гадзіны і хвілінаў 30 вырашыў аддаць сустрэчы.

У хол ён спусціўся роўна ў восем вечара. Апрануты стылёва - блакітны жакет, карычневы кашміровы шалік у колер замшавых чаравікаў, бялюткая кашуля.

- Гэта дакладна ён. Ну, падобны! - перашэптваюцца беларускія сваякі. І, здаецца, яшчэ баяцца, што зорка не падыдзе.

Але Уэйн шукае вачыма перакладчыка і разам з ім накіроўваецца да нашай кампаніі. Заказвае ў бары куфаль піва. Вітаецца з усімі.

- Братка, сюды праходзь, - Галіна запрашае яго сесці побач на канапе.

- Якое ў нас сваяцтва? - адразу пераходзіць да сутнасці Уэйн. Здаецца, ён па-ранейшаму асцерагаецца сваяцтва, якое раптоўна адкрылася.

- Так атрымліваецца, што наш дзядуля Цярэнці…

- Ок! Гэта значыць ён і ваш дзядуля? - пачынае разумець хітраспляценні сваяцкіх сувязяў Уэйн.

- Ён разам з Лук'янам (брат дзядулі Цярэнція) у Амерыцы быў, - працягвае Галіна.

- А Луі! - знаходзіць амерыканскі аналаг імя сам Грэцкі.

- У яго трое дзяцей… - кажа Галіна.

- …і яны жывуць у Чыкага, - працягвае Уэйн. - Дзядуля з братам спачатку абодва паехалі ў Чыкага. А потым дзядуля з'ехаў у Канаду… Мой бацька вельмі хоча прыехаць сюды ўлетку, наведаць гэтыя месцы.

- Мы вельмі рады, - Галіна пачынае паказваць фатаграфіі дзяцей Цярэнція, якія жывуць у Беларусі, гэта значыць зводных брата і сястры бацькі Уэйна.

- Дзядзька Фёдар яшчэ жывы? - пытаецца Уэйн.

- І Фёдар, і Кацярына жывыя. Ёй 84. А Фёдару хутка будзе 80 гадоў.

- Я нават не думаю, што мой бацька пра гэта ведае… - кажа Уэйн.

- Так? Можа, і не ведае, - працягвае Галіна паказваць фота. - Гэта мой тата і бабуля ў Амерыцы.

- Вось гэтая дама была замужам за маім дзядулем? - яшчэ раз дзівіцца Грэцкі.

- Так. Яго першая жонка.

- Як пішацца «Грэцкі» у вас? - пытае Уэйн.

Перакладчык па літарах прамаўляе прозвішча.

- О, а гэтая фатаграфія была ў газеце? - убачыўшы знаёмае фота, кажа Грэцкі.

- Так-так. Мала фатаграфіяў засталося, таму што нашая хата згарэла... І лісты з Амерыкі пагарэлі…

- Ооо!!! Дзе вы зараз жывяцё? - спытаў Уэйн.

- У Свіслачы. Гэта заходняя частка Беларусі. 300 кіламетраў ад Менска. Каля самай Польшчы.

- Так? Мая бабуля была з Польшчы, з Варшавы. Яны пажаніліся ў Канадзе.

- У нас была іх вясельная фатаграфія. А ў вас не засталося фатаграфіяў нашага агульнага дзядулі?

- Дома ёсць. Дайце адрас. Бацька ўсё дашле.

- Дашліце як мага больш фатаграфіяў вашых родных.

- Вядома! Будзьце ў гэтым упэўненыя. Мой бацька сур'езна захапляўся фатаграфіяй.

- Вось і мой тата фатаграфіяй займаўся! Нешта ёсць вось такое агульнае.

- Як цябе завуць? - звяртаецца Уэйн да ўнука Галіны.

- Аляксей.

- Спортам займаешся?

- Валейболам.

- А’кэй. Гэта добра. Я заўтра адлятаю. Перадам адразу бацьку адрасы. Ён напіша ліст, - абяцае Уэйн. - Ён гаворыць па-украінску. Яму 72 гады. А дзядуля Цярэнці размаўляў па-беларуску. А бабуля - па-польску. Паміж сабой яны размаўлялі па-украінску. Ва ўсіх іх дзяцей украінская была першай мовай. У 1972 годзе, калі сустракаліся зборныя СССР і Канады, мая мама давала інтэрв'ю тэлеканалу і рэзка перайшла на сумесь расейскай з украінскай. Усіх здзівіла! Дарэчы, бацькі жылі ў вёсцы на ферме, а іх сусед таксама быў з Беларусі.

- Як склаўся лёс нашага дзядулі. Кім ён працаваў там? Як жыў? - цікавіцца Галіна.

- Энтані (так Цярэнція называлі ў Канадзе) служыў у Другую сусветную вайну ў канадскай арміі. Потым быў фермерам: вырошчваў бульбу, разводзіў свінні, кураняты. Я быў вельмі блізкі з дзядулем. Дзесьці да васьмі гадоў кожны год улетку ў яго гасцяваў. Бацька некалькі тыдняў улетку працаваў на ферме, дапамагаў. Дзядуля мяне больш за ўсіх любіў. Астатнія ўнукі былі не вельмі гэтым задаволеныя.

- Бываюць заўсёды любімчыкі, - з разуменнем ківае Галіна.

- Калі я толькі пачаў гуляць у хакей, дзядуля з бабуляй прыходзілі на трэніроўкі. Калі мяне на пляцоўцы хтосьці чапляў, дык бабуля спрабавала адразу ж даць здачы!

- Вось шмат хто кажа, што мы падобныя. Вы як думаеце? - пытаецца ва Уэйна Галіна.

- Ну, я ўсё роўна застаюся Грэцкі… Можа быць, вы хочаце сфатаграфавацца? - намякнуў Уэйн на заканчэнне гутаркі.

Канадзец умела ўсміхаўся ў камеру. А беларусы крыху бянтэжыліся.

- Пачакайце! А ў нас для вас падаруначкі ёсць, - усклікнула Галіна і дастала з пакета каробку цукерак. - Гэта дзецям!

Вось гэтага Уэйн дакладна не чакаў. Відавочна, ён нават не ўзгадаў бы, калі яму - мільянеру - апошні раз дарылі цукеркі.

- А гэта з нашай Белавежскай пушчы, - дастала Галіна з пакета гліняную фігурку вусатага дзеда-беларуса і мяшочак з чатырма шакаладкамі.

Уэйн не разгубіўся, замовіў у бары дзве бутэлькі віна і прэзентаваў Галіне.

- Вось я дурніца! Паклала толькі чатыры шакаладкі дзецям. А ў яго ж пяцёра дзяцей! - узгадала Галіна пасля развітання з Уэйнам. - Але нічога, там жа яшчэ каробка цукерак ёсць. Падзеляцца.

На наступны дзень пасля вяртання ў Свіслач сваякоў ва Уэйна Грэцкі дадалося. У Галіны нарадзілася ўнучка.

Уэйн Грэцкі. Нарадзіўся 26 студзеня 1961 года ў Брэнтфарде (Канада). З клубам «Эдмантан» чатырохразова выйграваў Кубак Стэнлі. Усталяваў 61 рэкорд НХЛ і атрымаў за свае дасягненні мянушку Вялікі. 10 сезонаў ён быў лепшым бамбардзірам НХЛ. Прызнаны лепшым хакеістам НХЛ усіх часоў. Зараз з'яўляецца саўладальнікам клуба «Фінікс Каётс». Гуляў за Канаду супраць зборнай Беларусі на Алімпіядзе ў Нагана (1998 г.).

Уэйн Грэцкі ўсталяваў 61 рэкорд НХЛ і атрымаў за свае дасягненні мянушку Вялікі

Галіна і Уэйн. Агульныя фамільныя рысы лёгка пазнаюцца

Напісаць каментар 33

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках