17 чэрвеня 2026, Серада, 14:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Пінску затрымалі старшыню гарадскога Савета партыі БНФ

Старшыня Пінскага гарадскога Савета партыі БНФ Алесь Рамановіч быў затрыманы міліцыянтамі, якія цікавіліся яго ўдзелам у мясцовых выбарах.

Аляксандр Рамановіч, які вылучаецца кандыдатам ад Партыі БНФ у гарадскі Савет дэпутатаў па Аэрафлоцкай выбарчай акрузе № 16 горада Пінска, быў затрыманы пасля таго, як увечары 5 сакавіка забраў перададзеныя маршрутным таксі пратаколы паседжання абласнога Савета Партыі БНФ. На паседжанні абласнога Савета партыі былі вылучаныя два чалавекі ва ўчастковыя камісіі па той акрузе, дзе збіраецца балатавацца Аляксандр Рамановіч, перадаюць «Праваабаронцы за свабодныя выбары».

Праз некалькі хвілінаў пасля таго, як Аляксандр Рамановіч адышоў ад маршрутнага таксі, да яго падышлі два супрацоўнікі міліцыі і патлумачылі, што ў горадзе здзейсненыя чатыры крадзяжы, а ён выглядае нібыта падазрона. Пашпарта з сабой у актывіста не было, таму патрульныя Мірашнічэнка і Карповіч вырашылі даставіць яго ў аддзел міліцыі для высвятлення асобы. Падчас ператруса супрацоўнікі міліцыі хацелі забраць пратаколы паседжання Савета. Аляксандр Рамановіч патлумачыў, што гэта афіцыйныя дакументы, якія ён дазволіць паглядзець толькі трымаючы паперы ў сваіх руках. Пасля гэтага міліцыянты завялі актывіста ў Лінейны аддзел на чыгуначным вакзале, праз паўгадзіны на патрульнай машыне даставілі ў гарадскі аддзел унутраных справаў.

Актывіст хацеў патэлефанаваць з патрульнай машыны старшыні Савета абласной арганізацыі Зміцеру Шыманскаму, але міліцыянты наваліліся і сілай адабралі ў яго мабільны тэлефон. Праз паўгадзіны чакання дзяжурны маёр міліцыі С.Братчык выклікаў затрыманага для высвятлення асобы да сябе. Ён таксама папрасіў пачытаць пратаколы. Актывіст патлумачыў маёру міліцыі, што на наступны дзень збіраецца падаваць гэтыя пратаколы ў гарвыканкам, і што сакрэту вялікага ў іх не крыецца. Запісаўшы на асобным лісце паперы, што гэта за пратаколы і каго вылучаюць, маёр міліцыі загадаў падначаленаму вярнуць адабраны мабільны тэлефон і ў 22:10 адпусціў актывіста.

Аляксандр Рамановіч звязвае затрыманне са сваёй грамадскай дзейнасцю, а менавіта з намерам балатавацца кандыдатам у дэпутаты. Ён лічыць, што супрацоўнікаў міліцыі цікавілі менавіта пратаколы паседжання Абласнога Савета партыі БНФ. Грамадскі лідэр плануе падаць скаргу на дзеянні міліцыянтаў падчас затрымання на імя начальніка міліцыі.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках