Беларускія мядзведзі пайшлі на рэкорд - занадта доўга спяць
1- 16.03.2010, 14:10
Перыяд зімовай спячкі бурых мядзведзяў у беларускіх лясах сёлета б'е рэкорды апошніх гадоў, затое ў ліс ужо пачаўся шлюбны перыяд.
Пра гэта распавёў агенцтву «Интерфакс» намеснік дырэктара па навукова-даследчай працы Дзяржаўнай прыродаахоўнай установы Бярэзінскі біясферны запаведнік Валерый Іўковіч.
«З-за працяглага зімовага надвор'я бурыя мядзведзі ў беларускіх лясах спяць ужо чацвёрты месяц. Такой працяглай спячкі ў іх не было апошнія гады з-за цёплых зім і частых адліг», - паведаміў ляснічы.
Ён нагадаў, што сёлета ў Бярэзінскім запаведніку мядзведзі пачалі залягаць у спячку ў пачатку снежня. «З-за марознай зімы і багатага снегу ў лесе мядзведзі ў запаведніку будуць спаць яшчэ тыдзень-паўтара», - сказаў вучоны, дадаўшы пры гэтым, што «вучоныя і егеры нядаўна хадзілі па сцежках і не знайшлі ніводнага следу мядзведзяў».
«З-за вялікай колькасці снегу ў лесе ціха і нялюдна, не ездзяць аўтамабілі, практычна не ходзяць людзі. Створаны камфортныя ўмовы для сну. Мішкі сёлета адаспяцца як ніколі», - сказаў вучоны.
Разам з тым ён паведаміў, што ў Бярэзінскім запаведніку прачнуліся янотападобныя сабакі, а ў ліс пачаўся шлюбны перыяд.
«Чырвонашэрсныя лісы ў гэты перыяд вельмі актыўныя - яны скачуць, бегаюць па лесе, часта выбягаюць на дарогі. Відовішча захапляльнае. Не дарма танец факстрот перакладаецца як лісіны крок», - сказаў Іўковіч.
У цяперашні час у лясах Беларусі жыве каля 150 бурых мядзведзяў. З-за цёплых зім у апошнія гады час спячкі ў іх доўжыўся месяц-паўтара. Былі гады, калі ў сярэдзіне зімы з-за адлігі прамакалі бярлогі, і мядзведзям даводзілася ўжо ў канцы студзеня прачынацца.
Разам з тым, як адзначылі навукоўцы, за апошнія дзесяцігоддзі ў Беларусі не было зафіксавана выпадкаў нападу мядзведзя на чалавека альбо на хатнюю жывёліну.