14 чэрвеня 2026, Нядзеля, 7:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка: Гульнявы бізнэс будзе папаўняць бюджэт

39

Беларускі кіраўнік лічыць, што ў Беларусі не варта забараняць гульнявы бізнэс, а атрымліваць ад яго выгаду.

Такое меркаванне ён выказаў сёння на нарадзе, на якой абмяркоўвалася канцэпцыя развіцця гульнявога бізнэсу ў Беларусі, перадае БелТА.

«Пры правільным падыходзе гульнявы бізнэс можа і павінен стаць дадатковай крыніцай папаўнення бюджэту за кошт падаткаў, спрыяць стварэнню новых працоўных месцаў, прыцягненню турыстаў і інвестыцыяў у нашую краіну, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - На фоне зменаў, якія адбываюцца ў расейскім і ўкраінскім заканадаўствах, у нас ёсць усе шанцы выйсці на вядучыя пазіцыі ў гэтай тонкай, адчувальнай сферы. Дзейнічаць тут неабходна вельмі асцярожна, прадумана і прафесійна, з карысцю для краіны».

«Як паказвае досвед Украіны і Расеі, адсутнасць узважанай палітыкі з боку дзяржавы ў адносінах да гульнявой валюты прыводзіць да яе практычна поўнай забароны», - прыводзіць словы беларускага кіраўніка >«Інтэрфакс»

Лукашэнка адзначыў, што «пры слушным падыходзе ён (гульнявы бізнес) можа і павінен стаць дадатковай крыніцай папаўнення бюджэту за кошт падаткаў, спрыяць стварэнню новых працоўных месцаў, прыцягненню турыстаў і інвестыцый у нашу краіну».

Беларускі кіраўнік заявіў, што «з гісторыі савецкай дзяржавы і незалежнай Беларусі мы пераканаліся, што забароны, акрамя шкоды, нічога не даюць».

«Таму забараняць наогул, акрамя выключна шкодных для дзяржавы напрамкаў дзейнасці, не трэба. Трэба разумна ўмець кантраляваць і пры неабходнасці змагацца з негатыўнымі з'явамі таго ці іншага напрамкі дзейнасці», - сказаў Лукашэнка. Ён дадаў, што «нічога забараняць не трэба, мы ў стане ўзяць пад кантроль любы від дзейнасці».

«Гэта я кажу для тых, хто сёння-заўтра выбухне адносна таго, што мы ледзь не ўвесь крымінальны свет СНД збярэм у Беларусі», - заявіў Лукашэнка.

Пры гэтым ён падкрэсліў, што «ўсё ў нас будзе нармальна, калі ў нас тыя, хто мусіць кантраляваць гэты від дзейнасці - дзяржслужачыя - самі не ўлезуць туды па вушы і гэтым не разваляць гэты від дзейнасці і не крыміналізуюць яго».

«Калі дзяржслужачыя будуць займаць прыстойную пазіцыю, тады ў нас будзе ўсё нармальна», - заявіў Лукашэнка.

Паводле яго слоў, «гэта тое, чаго не было ва Украіне і Расеі». «Там групоўкі і жуллё падзялілі гэты від дзейнасці, у выніку гэтага нічога не дасталося іншым жулікам. Вось і пачалася бойка, з-за якой усё было развалена. Гэты бізнес пераразмеркавалі і хабары ад гэтага бяруць іншыя», - сказаў Лукашэнка. «Гэта не наш шлях», - заявіў беларускі кіраўнік.

Лукашэнка таксама сказаў, што раней ім было дадзена даручэнне ўраду распрацаваць сумесна з іншымі зацікаўленымі ведамствамі напрамкі развіцця гульнявога бізнесу ў краіне.

«Прычым з улікам як эканамічных, так і сацыяльных фактараў», - удакладніў кіраўнік. Вынікам гэтай працы, паводле яго слоў, стала канцэпцыя, якая, на думку ўрада, «прадугледжвае ўзмацненне дзяржаўнага кантролю, выключае магчымасць удзелу ў гэтай сферы крымінальных структур, дазволіць істотна павялічыць падатковыя паступленні ў бюджэт, а таксама абароніць народ ад гульнявой залежнасці ад «аднарукіх бандытаў», заявіў Лукашэнка.

Ён таксама сказаў, што неабходна прыняць «максімальна ўзважанае рашэнне, каб дзейнасць у гэтай сферы была камфортнай як для камерцыйных структур, так і для дзяржавы, і пры гэтым не стварала негатыўных сацыяльных наступстваў для грамадзян».

Нагадаем, што 1 ліпеня ў Расеі ўступіў у сілу закон, які забараняе працу гульнявых установаў паўсюль, акрамя спецыяльна адведзеных для гэтага чатырох зонаў - у Прымор'і, Алтайскім краі, Калінінградскай вобласці, а таксама на мяжы Краснадарскага края і Растоўскай вобласці. Шмат якія гульцы расейскага бізнэсу нацэліліся на Беларусь.

Напісаць каментар 39

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках