Жыллё ў Менску працягвае таннець
7- 7.04.2010, 11:51
Зніжэнне коштаў на жыллё назіраецца ў беларускай сталіцы на працягу пяці апошніх тыдняў.
Паводле дадзеных аналітычнага цэнтра Realt.by, за тыдзень, з 29 сакавіка па 5 красавіка, сярэдні кошт прапановы квадратнага метра кватэраў на другасным рынку жылля ў Менску зменшыўся на 0,62% і склаў 1.436 даляраў. Як паведамляе «Комсомольская правда в Беларуси», зніжэнне коштаў назіраецца на працягу пяці апошніх тыдняў.
Даволі сур'ёзна - амаль на тысячу, да 9000 - за апошнія дні павялічылася прапанова кватэраў на другасным рынку.
Павялічылася і колькасць дастаткова танных кватэраў - 33-мятровую «адзінку» ў панэльным доме недалёка ад метро можна набыць за 44-47 тысячаў. Самыя танныя кватэры каштуюць ад 33-35 тысячаў.
Двухпакаёвыя кватэры ў хрушчоўках пачынаюцца ў кошце з 50 тысячаў.
Лідэрам па аб'ёме прапановы другаснага жылля ў Менску застаецца Фрунзенскі раён — 21%. Менш за ўсё прапановаў у Партызанскім раёне — 5%. Аднапакаёвых кватэраў прапаноўвалася 29% , двухпакаёвых — 34%, трохпакаёвых — 29% , чатырохпакаёвых — 8%.
Кватэры ў новабудоўлях Менска прапануюцца па камерцыйных коштах ад 700 да 3 тыс. даляраў за квадратны метр. Сярэдні кошт прапановы долевага будаўніцтва кватэраў і новабудоўляў у Менску складае 1.298 даляраў/кв.м, што на 2% больш, чым тыдзень таму, і на 4,4% больш, чым напачатку года.