Пракуратура выносіць папярэджанні за інтэрв'ю сайту charter97.org
57- 13.05.2010, 14:09
Беларускія ўлады ідуць на беспрэцэндэнтныя меры, каб стрымаць распаўсюд крытыкі ў свой адрас.
Намеснік старшыні рэспубліканскага аб'яднання прадпрымальнікаў «Перспектыва», берасцеец Віктар Чайкоўскі сёння атрымаў афіцыйнае папярэджанне ад пракуратуры пра тое, што нібыта парушае закон. Дакумент беспрэцэндэнтны ў тым сэнсе, што па прадстаўленні Камітэта дзяржаўнай бяспекі пракуратура ўгледзела парушэнне закона ў каментарах, якія Віктар Чайкоўскі даваў пра сітуацыю ў Берасцейскай вобласці ў цэлым і ў прадпрымальніцкім асяроддзі для розных СМІ і інтэрнэт-сайтаў. У прыватнасці, у дакуменце згаданыя «Радыё Рацыя», сайты charter97.org, perspektyva.org і іншыя.
Надалей Чайкоўскому сваё меркаванне загадалі трымаць пры сабе, паколькі ў адваротным выпадку пракуратура пагражае ўжыць да яго артыкул Крымінальнага кодэкса «Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь», паведамляе «Беларускі партызан».
Як вядома, адпаведнае пакаранне ўжо даўно было прадугледжанае законам, і ўлады проста чакалі гадзіны «ікс», сігналу да пачатку ўжывання артыкула на практыцы. Здаецца, час прыйшоў.