18 траўня 2024, Субота, 16:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Бензін будзе працягваць даражэць

49

Травеньскае падвышэнне коштаў на бензін — не апошняе сёлета. Кошты на паліва яшчэ павялічацца.

«Рост коштаў звязаны з умовамі паставак нафты і неабходнасцю напаўнення бюджэту. «Белнафтахім» асцерагаецца рэакцыі насельніцтва на разавае і істотнае падвышэнне коштаў, таму бензін будзе даражэць паступова і патроху», — заявіў у інтэрв'ю «Беларускім навінам» эканаміст Сяргей Чалы.

Нагадаем, што сёлета «Белнафтахім» падвышаў кошты на бензін тры разы. У цэлым з пачатку года вартасць бензіну павялічылася больш чым на 15%. У сувязі з павелічэннем коштаў на бензін з 1 па 4 чэрвеня ў шэрагу гарадоў Беларусі праходзіць акцыя пратэсту аўтааматараў. Удзельнікі акцыі маюць намер цалкам ігнараваць запраўкі канцэрна «Белнафтахім» ці ў знак пратэсту купляць за раз толькі адзін-два літры паліва.

А 1 чэрвеня ўдзельнікі пратэстнай кампаніі накіравалі калектыўны зварот прэзідэнту. Яны патрабуюць перагледзець парадак фармавання адпускных коштаў канцэрна «Белнафтахім» на нафтапрадукты.

«Зыходзячы з дадзеных, якія публікуюцца ў СМІ, і заяваў кіраўніцтва краіны, РБ атрымлівае з Расеі звыш за 6 млн. тон нафты бяспошлінна — для ўнутранага спажывання. Хто, акрамя аўтаўладальнікаў і прадпрыемстваў РБ, могуць яшчэ лічыцца ўнутранымі спажыўцамі? Чаму гэтае перапрацаванае паліва (з больш чым 6 млн. тон нафты, якая паступае ў краіну бяспошлінна) не рэалізуецца на аўтазапраўках краіны для грамадзянаў, з мэтай патаннення кошту паліва? Чаму кошты на нафту на сусветным рынку з пачатку года засталіся практычна нязменнымі, а ў Беларусі кошт паліва вырас больш чым на 15%?», — задаюцца пытаннем аўтааматары.

Разам з тым незалежныя эксперты ў інтэрв'ю «Беларускім навінам» падкрэслілі, што ўзровень рознічных коштаў — гэта кампенсацыя стратаў ад паставак нафтапрадуктаў на знешнія рынкі. Пры больш прыцягальных умовах паставак нафты і ў сувязі з гэтым больш эфектыўнай з эканамічнага пункту гледжання працы беларускіх НПЗ «Белнафтахім» мог стрымліваць адпускныя кошты на нафтапрадукты ўнутры краіны. За кошт выручкі ад экспарту кампенсаваліся страты ад паставак нафтапрадуктаў на ўнутраны рынак.

Пасля ўвядзення Расеяй 100% экспартнай пошліны беларускім НПЗ стала эканамічна немэтазгодна працаваць з такой нафтай. Калі адна тона бяспошліннай нафты для Беларусі ў першым квартале каштавала 258 даляраў, дык з выплатай 100% пошліны — больш за 500 даляраў.

Яшчэ ў канцы красавіка намеснік міністра эканомікі Анатоль Філонаў заявіў, што такую нафту (са 100% пошлінай) могуць перапрацоўваць заводы, якія маюць глыбіню перапрацоўкі ў межах 93% (беларускія НПЗ маюць глыбіню перапрацоўкі менш за 80%). Другая ўмова рэнтабельнай перапрацоўкі такой нафты — падвышэнне коштаў на нафтапрадукты для ўнутранага рынку на 70%.

«Нафтавы шок» ад змены ўмоваў пастаўкі расейскай нафты ў Беларсь ацэньваецца прыкладна ў 2 млрд. даляраў. Таму зараз, па словах экспертаў, «Белнафтахім» у пытанні коштаўтварэння балансуе, наколькі гэта магчыма, паміж інтарэсамі нафтаперапрацоўшчыкаў, спажыўцоў і бюджэту.

Разам з тым, як падкрэслівае Сяргей Чалы, «механізм фармавання коштаў на нафтапрадукты непразрысты. І аргументацыі, якія выкарыстоўвае «Белнафтахім» для апраўдання падвышэння кошту, вельмі няўклюдныя».

Нагадаем, што травеньскае падвышэнне коштаў на нафтапрадукты на 6-8%, як заявілі ў «Белнафтахіме», «абумоўленае ростам кошту на бяспошлінную нафту, якая пастаўляецца на беларускія НПЗ з Расеі. У красавіку ў параўнанні з лютым 2010 года кошт расейскай нафты, вызначаны па формуле, якая ўлічвае сусветныя катыроўкі, павялічыўся для НПЗ Беларусі на 27,9%».

Па словах С.Чалага, ніякага дачынення да сусветных коштаў на нафту падаражэнне бензіну не мае. «Эканамічны сэнс — гэта фактычна падвышэнне падатку на аўтамабілістаў, прычым падатку прамога, які лёгка збіраецца. Калі б аўтаўладальнікам так проста пра гэта сказалі, мне падаецца, рэакцыя на павелічэнне коштаў была б больш стрыманай».

Пакуль аўтаўладальнікі спрабуюць апратэставаць падвышэнне кошту бензіну, Расея павялічвае экспартную пошліну на нафту. З 1 чэрвеня рашэннем урада РФ пошліна вырасла з 284 да 292,1 даляра. Беларусь ужо спажыла львіную долю ад 6,3 млн. тон бяспошліннай нафты, але выдаткі на набыццё неабходных аб'ёмаў сыравіны, якія застаюцца, павялічацца.

Плаціць за частку расейскай нафты з выплатай 100% пошліны Беларусь рызыкуе аж да студзеня 2012 года — меркаванай даты ўвядзення Адзінай эканамічнай прасторы трох краінаў — Беларусі, Расеі і Казахстана. Менавіта з 2012 года Расея гатовая пайсці на адмену ўсіх пошлінаў у межах Мытнага саюза.

Беларусь разлічвала на адмену пошлінаў на нафту і нафтапрадукты ўжо з 1 студзеня 2011 года. Пра гэта 1 чэрвеня падчас 78-й канферэнцыі Міжнароднай асацыяцыі вытворцаў угнаенняў (IFA) у Парыжы заявіў першы віцэ-прэм'ер Уладзімір Сямашка. Паводле яго словаў, калі б расейскі бок пайшоў на такі крок, Беларусь падпісала б Мытны кодэкс. Але абодва бакі пакуль упарцяцца.

«Ці зможа Беларусь перажыць дзеючыя ўмовы паставак нафты і нафтапрадуктаў яшчэ прынамсі паўтары гады, будзе залежаць ад стану сусветнай эканомікі і таксама ад сітуацыі з аднаўленчым попытам і зменай коштаў на энерганосьбіты», — лічыць С.Чалы.

Паводле яго словаў, сітуацыя, якая склалася , у пэўным сэнсе карысная, таму што падштурхоўвае да неабходнасці правядзення структурных рэформаў, пераўтварэнняў і падвышэння эфектыўнасці дзейнасці нафтаперапрацоўчых заводаў.

Напісаць каментар 49

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках