Прэм'ер-міністр Канады сустрэўся з беларускімі дэмакратамі
7- 9.06.2010, 16:37
Лідэр Канады, адзін з самых уплывовых сусветных палітыкаў, прыняў беларускую дэлегацыю ў сваім працоўным кабінеце.
Прэм'ер-міністр Канады Стывен Харпер сустрэўся з лідэрамі Аб'яднанай грамадзянскай партыі і грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду!».
Як адзначыў у інтэрв'ю ucpb.org намеснік старшыні Аб'яднанай грамадзянскай партыі Яраслаў Раманчук, «Канада вызначыла 20 прыярытэтных краін у знешняй палітыцы. У гэтым спісе з краін постсавецкай прасторы фігуруе толькі Украіна. Мы паставілі перад прэм'ер-міністрам пытанне аб уключэнні ў спіс і Беларусі. Задача вельмі амбіцыйная і патрабуе немалых намаганняў і часу. Але да нашых аргументаў Харпер паставіўся з вялікай увагай».
Лідэр АГП Анатоль Лябедзька звярнуў увагу на той факт, што «Канада і яе лідэр паслядоўна і прынцыпова прытрымліваюцца каштоўнасных падыходаў у знешняй палітыцы. Для Беларусі, якая стаіць на парозе прэзідэнцкай кампаніі, гэта асабліва актуальна ».
Сам Харпер адзначыў, што «Беларусь гэта праблема, якая патрабуе ўвагі з боку сусветнай супольнасці».