Роўд-шоу эўрабондаў Беларусі: Аматараў фінансавага экстрыму ў Еўропе не знайшлося
17- 19.07.2010, 15:51
Беларускія чыноўнікі, якія пракаціліся па эўрапейскіх фінансавых цэнтрах у межах заяўленага Роўд-шоу, дэбютнага выпуску беларускіх эўрабондаў, мяркуючы па ўсім, вярнуліся з камандзіроўкі з пустымі рукамі.
Ні ў Лондане, ні ў Франкфурце-на-Майне, ні ў Мюнхене з Цюрыхам і Жэневай не ўдалося знайсці аматараў інвестыцыйнага экстрыму, піша «АФН».
Дадзеная выснова дазваляе зрабіць не толькі неспрыяльная рынкавая кан'юнктура на эўрапейскім рынку ў выглядзе высокіх працэнтных ставак, але і асцярожнае паведамленне беларускага Мінфіна аб выніках паездкі беларускай дэлегацыі «па Эўропе».
«Рашэнне аб мэтазгоднасці выпуску эўрааблігацый Рэспублікі Беларусь будзе прынята прыкладна на працягу гэтага тыдня пасля атрымання меркаванняў усіх інвестараў, якія прынялі ўдзел у дадзеных сустрэчах, а таксама з улікам ацэнкі бягучай сітуацыі на фінансавым рынку», - гаворыцца ў паведамленні.
Складана зразумець, што яшчэ збіраюцца ацэньваць беларускія чыноўнікі, прымаючы пад увагу адмову Украіны ад выпуску эўрабондаў з-за дрэнных цэнавых умоў.
Пры гэтым варта адзначыць, што Украіна ў чэрвені атрымала ад Расеі дзяржкрэдыт на $ 2 млрд. і блізкая да падпісання мемарандума з МВФ на $ 14,9 млрд. Аднак, нават гэтыя факты не змаглі зменшыць палітыка-эканамічныя рызыкі інвестыцый у эканоміку Украіны.
Беларусь знаходзіцца ў значна горшай сітуацыі: Расея адмовілася ад проста грашовай падтрымкі Лукашэнкі, перамовы з МВФ пачнуцца ў канцы жніўня і наўрад ці завершацца да правядзення прэзідэнцкіх выбараў. Акрамя таго, стаўленне інвестараў да ўкраінскай, хай і карумпаванай, але рынкавай эканомікі значна лепшае, чым да беларускага сацыялізму, карумпаванасць якога абыходзіцца інвестару на парадак даражэй, чым хабары украінскім чыноўнікам.
Асаблівую негатыўную ролю адыгрывае і намёртва прылеплены да Беларусі ярлык «апошняя дыктатура Эўропы».
Так што гэтыя $ 500 млн., якія беларускія ўлады хацелі атрымаць праз выпуск эўрабондаў, будзе танней пашукаць ў іншых месцах.
Калі ж беларускія ўлады вырашаць пайсці на вядомы прынцып «назло маме вушы адмарожу», то выпуск можа ўсё ж адбудзецца. Падставай для размяшчэння можа стаць дасягнутая яшчэ па вясне дамоўленасць з арганізатарамі размяшчэння эўрабондаў (4 замежныя банкі), паводле якой яны заяўлялі пра гатоўнасць выкупіць больш за 60% выпуску (каля $ 350 млн.).
Аднак у гэтым выпадку распродаж астатніх 150 млн. можа ператварыцца ў гандаль на ўскрайку з надзеяй, што хто-небудзь з інвестараў, што сноўдаюць паміж усходам і захадам, спыніцца і купіць кошык беларускіх дзяржаўных папер ...