Дзякуючы Менску, Кітай возьме пад выведвальны «каўпак» увесь захад Расеі
29- 23.07.2010, 9:21
Паміж Беларуссю і Кітаем існуюць законныя пагадненні па размяшчэнні сістэмы сотавай сувязі, а гэта сістэма падвойнага прызначэння, лічыць эксперт.
«Яна выдатна выяўляе нізкалётныя цэлі кшталту крылатых ракетаў, марскія, паветраныя аб'екты. Іх распазнавальная здольнасць значна вышэй, чым у тых жа станцыяў, якія маюцца зараз на штатным узбраенні расейскай арміі ў Беларусі», - заявіў у інтэрв'ю карэспандэнту ІА REGNUM Новости расейскі палітолаг Юры Салазобаў, кажучы пра магчымыя перспектывы ваеннага супрацоўніцтва Менска і Пекіна.
"Гэта не сакрэт, што любая станцыя сотавай сувязі з допускам да нацыянальнага аператара гарантуе атрыманне пэўных канфідэнцыйных дадзеных. Яна фактычна з'яўляецца прыладай электроннай выведкі", - паведаміў эксперт.
Таксама, дадаў палітолаг, ёсць афіцыйнае пагадненне, падпісанае паміж беларускім урадам і кітайскім бокам аб будаўніцтве спецыяльнага цэнтра інфармацыйнай бяспекі, які будзе практычна займацца радыёэлектроннай выведкай. "У самым сэрцы Еўропы, як любіць казаць Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка, з'явяцца вочы і вушы КНР. Пад "каўпаком" будзе ўся тэрыторыя Усходняй Еўропы і ўся заходняя частка РФ, і гэта ўжо некалькі гадоў вельмі трывожыць расейскіх ваенных экспертаў. Сігнал аб гэтым паступае даўно, але, відаць, з прычыны асаблівых палітычных стасункаў, гэта ўсё не даводзілася да агульнага ведама, на гэта было прынята заплюшчваць вочы", - сказаў Салазобаў.
"Ёсць таксама вельмі ўражвальнае пагадненне паміж Народна-вызваленчай арміяй Кітая і беларускімі вайскоўцамі па шэрагу вельмі далікатных галінаў узбраення, у тым ліку наконт супрацьракетнай абароны і найноўшых сродкаў узбраення. Тут сяброўства паміж Кітаем і Беларуссю носіць вельмі кранальны характар. Я не здзіўлюся, калі хутка на ўзбраенні Кітая з'явяцца комплексы з назвамі, сугучнымі кітайскім, але якія знешне неадрозніваюцца ад комплексаў С-300, дакументацыя якіх ёсць у беларускага боку. Мы яшчэ ўбачым нямала цудаў у галіне ядзерных узбраенняў, таму што Беларусь - адна з тых краінаў, якія захавалі інфраструктуру размяшчэння ядзернай зброі практычна цалкам. Гэта адна з нешматлікіх краінаў, якія абзавяліся сваім суперкампутарам, што дазваляе не толькі чытаць надвор'е, але і весці гідрадынамічныя разлікі, мадэляванне атамных выбухаў і канструкцыяў атамных боепрыпасаў у рэальным маштабе часу", - падагульніў палітолаг.
Як раней паведамляла ІА REGNUM Новости, з 22 па 25 ліпеня праходзіць візіт у Беларусь ваеннай дэлегацыі Кітая. Дэлегацыю ўзначальвае галоўнакамандуючы стратэгічнымі ракетнымі войскамі кітайскай арміі генерал-палкоўнік Цзін Джыюань. Кітайскія вайскоўцы плануюць азнаёміцца са структурай і задачамі Ваеннай акадэміі Беларусі, наведаць агульнавайсковы факультэт ваеннага ВНУ і 336-ю рэактыўную артылерыйскую брыгаду.