23 снежня 2024, панядзелак, 15:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Саміт у Ерэване: Пасля «Хроснага бацькі» з Лукашэнкам размаўляць няма пра што

78
Саміт у Ерэване: Пасля «Хроснага бацькі» з Лукашэнкам размаўляць няма пра што

У фільмах расейскага ТВ беларускі кіраўнік пададзены не проста як дыктатар, а як кіраўнік злачыннага клану, нагадваюць СМІ.

У Ерэване ў пятніцу распачынае працу нефармальны саміт АДКБ, галоўнай тэмай якога заяўленая сітуацыя ў Кыргызтане і ў рэгіёне ў цэлым. Найбольшую цікавасць, аднак, выклікае перспектыва магчымай сустрэчы прэзідэнтаў Расеі і Беларусі, чые і без таго няпростыя стасункі ўскладніліся інфармацыйнай вайной, якая ідзе ўсё лета, піша «Независимая газета».

У Менску лічаць, што скандальны серыял «Хросны Бацька», паказаны на канале НТВ, - гэта сур'ёзная нагода для крыўды на Маскву. Стваральнікі фільма распавядалі пра аднаасобную і бязмежную ўладу нязменнага беларускага кіраўніка, пра зніклых палітыкаў, бізнэсмэнаў і журналістаў, пра адсутнасць дэмакратыі і пра разгул карупцыі ў Беларусі. Асаблівую незадаволенасць, мяркуюць у Беларусі, павінен быў выклікаць фільм «Хросны бацька-3», бо ў ім ідзе гаворка пра сям'ю Лукашэнкі, які пададзены не проста як аўтарытарны прэзідэнта, а як кіраўнік злачыннага клану.

Мясцовыя эксперты меркавалі, што пасля паказу фільмаў, якія кампраметуюць, Лукашэнка і зусім адмовіцца ад удзелу ў саміце АДКБ у Ерэване. Аднак, як паведаміла яшчэ ў сераду прэс-служба прэзідэнта Арменіі, Лукашэнка прыехаў у Ерэван раней за ўсіх «з прыватным візітам».

Эксперты ў Менску схіляюцца да таго, што Лукашэнка мае намер сустрэцца ў Ерэване з расейскім калегам, афіцыйны візіт якога ў Арменію прыйшоўся на гэты час. Як паведамлялася, Дзмітры Мядзведзеў прыбыў у Арменію з дзяржаўным візітам у чацвер, нагадваюць «Вести».

«Напэўна, яму хацелася б прымірыцца», - выказаў меркаванне беларускі палітолаг Валер Карбалевіч, каментуючы магчымы змест перамоваў кіраўнікоў дзяржаваў. Для гэтага ёсць больш чым сур'ёзныя прычыны - канфлікт з Расеяй прынёс вялікія эканамічныя праблемы Лукашэнку, які мае намер ісці на прэзідэнцкія выбары. А Лукашэнку неабходна ўмацаваць свае пазіцыі перад выбарамі, якія адбудуцца ў канцы 2010 - пачатку 2011 года.

Спецыфіка беларускай улады такая, што падзенне рэйтынгу Лукашэнкі не можа паўплываць на зыход прэзідэнцкіх выбараў, бо яны, як ужо неаднаразова канстатавалі міжнародныя эксперты, праходзяць са шматлікімі парушэннямі. Аднак эканамічныя праблемы могуць прывесці да таго, што Лукашэнка не выканае свае «зарплатныя» абяцанні, а гэта для электарату нашмат больш значна, чым абвінавачванні ў адсутнасці дэмакратыі, якой у Беларусі ніколі і не ведалі.

Аднак эксперты ў большасці сваёй схіляюцца да таго, што шанцы беларускага кіраўніка наладзіць стасункі з Расеяй мізэрныя. Ва ўсялякім выпадку, адных абяцанняў ужо будзе недастаткова.

Інфармацыйная вайна паміж Расеяй і Беларуссю ў апошні час дайшла да наўпроставых узаемных абвінавачванняў з боку прадстаўнікоў уладаў. Дзмітры Мядзведзеў выкрыў Лукашэнку ў хлусні, заявіўшы, што той у прысутнасці іншых прэзідэнтаў за зачыненымі дзвярыма абяцаў прызнаць незалежнасць Абхазіі і Паўднёвай Асеціі, але не зрабіў гэтага. Лукашэнка, адказваючы на папрок, абвінаваціў расейскага калегу ў «нядобрасумленнасці» і ў тым, што Мядзведзеў «непрыстойна вырывае пэўныя рэчы». Па словах Лукашэнкі, прызнаць каўказскія рэспублікі ён не абяцаў, а толькі ацэньваў рызыкі, з якімі гэта можа быць звязана.

У Крамлі ў адказ прыстрашылі апублікаваць стэнаграму сустрэчы, на якой беларускі лідэр даў нявыкананыя пасля абяцанні. Памочнік прэзідэнта Расеі Сяргей Прыходзька заявіў, што «не Аляксандру Рыгоравічу казаць тут пра непаслядоўнасць». «Можам апублікаваць і іншыя выказванні Аляксандра Лукашэнкі, якія будуць даволі цікавыя як беларускай, так і міжнароднай грамадскасці», - прыстрашыў Прыходзька.

Вынікам такога абмену «кампліментамі» можа стаць байкот Мядзведзевым Лукашэнкі на саміце Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бяспецы (АДКБ), які мае адбыцца ў Ерэване 20-21 жніўня, піша газета «Коммерсант». Ходзяць чуткі, што Крэмль шукае замену Лукашэнку.

У інтэрв'ю «Беларускім навінам» аглядальнік Раман Якаўлеўскі звярнуў увагу, што сустрэча ў армянскай сталіцы носіць нефармальны характар і дакументы падпісаныя не будуць, адпаведна, вялікая частка сустрэчаў застанецца па-за кадрам.

Улічваючы напружанасць у стасунках паміж беларускім і расейскім кіраўніцтвам, Якаўлеўскі лічыць, што сустрэчы ў двухбаковым фармаце не будзе. Разам з тым, ён не выключае скандальных заяваў — з любога з бакоў.

Аналітык выказаў меркаванне, што Лукашэнка мог прыбыць у Ерэван раней, каб прасіць армянскага калегу арганізаваць сустрэчу з Дзмітрыем Мядзведзевым. З іншага боку, пасля ўжо трох частак, якія выйшлі, расейскага дакументальнага «тэлесерыяла» пра беларускага прэзідэнта і лавіны негатыўных публікацыяў пра яго ў вядучых выданнях Расеі — пра што два прэзідэнты могуць размаўляць?

Усе чакаюць чарговай серыі, і гэта не будзе серыя пра прымірэнне, лічыць Якаўлеўскі.

Напісаць каментар 78

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках