25 красавiка 2024, Чацвер, 14:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дэпутаты Дзярждумы - Лукашэнка: «Да лекара!»

32

Каментаваць беларускага кіраўніка – пустое марнаванне часу, лічаць расейскія дэпутаты.

Папярэджанні ў адрас Аляксандра Лукашэнкі не былі ініцыятывай атачэння старшыні расейскага кіраўніцтва - заява аб магчымай публікацыі словаў беларускага правадыра была зробленая па непасрэдным ўказанні Дзмітрыя Мядзведзева, піша аглядальнік расейскага інфармацыйнага агенцтва «Інтэрфакс» Уладзімір Шышлін ў артыкуле «Як папярэджвалі Лукашэнку».

Спрэчка аб ступені урачыстасці абяцання Аляксандра Лукашэнкі прызнаць незалежнасць Абхазіі і Паўднёвай Асеціі працягваецца і будзе, верагодна, набіраць абароты, пакуль грамадскасці не прад'явяць стэнаграмы выступу кіраўніка Беларусі на пазалеташнім пасяджэнні АДКБ. Сёння Крэмль паспяшаўся абвергнуць выказаныя ў некаторых СМІ здагадкі пра тое, што асяродак кіраўніка расейскай дзяржавы выявіў самадзейнасць, праз пагрозу апублікаваць тэкст таго самага «ўрачыстага абяцання». Паводле словаў намесніцы кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта РФ Аляксея Громава, заява памочніка прэзідэнта РФ Сяргея Прыходзькі пра магчымасць публікацыі стэнаграмы пасяджэння саміту АДКБ была зроблена па непасрэдным указанні Дзмітрыя Мядзведзева.

Громаў адзначыў, што «так званая кампетэнтная крыніца, якая паведаміла розным СМІ пра быццам бы незадаволенасць прэзідэнта РФ заявай Сяргея Прыходзькі - памыляецца і мэтанакіравана ўводзіць СМІ ў зман». «Гэта можа быць зроблена», - сказаў Громаў, гаворачы пра магчымасць публікацыі стэнаграмы. «Крыніца, зразумела, беларуская, і нават зразумела хто - некампетэнтны», - адзначыў намеснік кіраўніка адміністрацыі. «Інакш, - растлумачыў намеснік кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта, - ён бы ведаў, што адміністрацыя прэзідэнта РФ і іншыя знешнепалітычныя структуры працуюць выключна па ўказанні прэзідэнта Расеі». «І заява Прыходзькі зроблена па непасрэдным указанні прэзідэнта РФ. Інакш і быць не можа», - заключыў Громаў.

Раней шэраг інтэрнэт-выданняў, спасылаючыся на неназваныя крыніцы, паведаміў пра тое, што Мядзведзеў быццам быў незадаволены заявай Прыходзькі, якую той, па сцвярджэнні гэтых выданняў, зрабіў з ўласнай ініцыятывы.

Прэзідэнт Расеі 3 жніўня ў гутарцы з журналістамі ў Сочы заявіў, што Лукашэнка раней казаў пра намер прызнаць Абхазію і Паўднёвую Асецію. Паводле словаў Мядзведзева, такое абяцанне беларускі кіраўнік даў у прысутнасці іншых кіраўнікоў шэрагу краін СНД. «Ён сказаў: «Я ўрачыста абяцаю, што я ўсё зраблю за самы кароткі час», - распавёў прэзідэнт Расеі.

У мінулую пятніцу Лукашэнка заявіў, што ў Маскве сказілі яго выказванні па пытанні прызнання незалежнасці Паўднёвай Асеціі і Абхазіі. Лукашэнка лічыць, што расейскі прэзідэнт «выхоплівае пэўныя рэчы». «Ён толькі не сказаў іншую частку. Я тады сказаў: не праблема для Беларусі прызнаць Абхазію і Паўднёвую Асецію. Але я яму пералічыў усе праблемы, якія ў сувязі з гэтым ўзнікнуць у Беларусі з ЕЗ, ЗША, СНД», - сказаў Лукашэнка. Паводле словаў беларускага кіраўніка, ён спытаў у расейскага прэзідэнта, ці гатовая Расея дапамагчы Менску пераадолець гэтыя праблемы. Аднак «Расея аказалася не здольнай ці кіраўніцтва Расеі не захацела ісці на ніваліраванне, ліквідацыю тых наступстваў, якія маглі ўзнікнуць для Беларусі», сказаў Лукашэнка. «Вось такая была размова. А не так, што Лукашэнка ўрачыста паабяцаў, але не зрабіў. Дарэчы, Лукашэнка ўрачыста нідзе не абяцаў, ніхто пра гэта не чуў. Урачыста - гэта калі голасна», - заўважыў беларускі кіраўнік.

На наступны дзень Прыходзька заявіў журналістам пра гатовасць Расеі апублікаваць адпаведную стэнаграму. «Што тычыцца пытання аб прызнанні рэспублікай Беларусь рэспублік Паўднёвай Асеціі і Абхазіі, то, калі будзе такое жаданне, мы можам перадаць галоснасці тую частку стэнаграмы пасяджэння АДКБ, у якой змяшчаюцца словы прэзідэнта Беларусі на гэтую тэму», - сказаў Прыходзька. Ён адзначыў, што «мы можам апублікаваць і іншыя выказванні Аляксандра Лукашэнка, якія будуць даволі цікавымі як для Беларусі, так і для міжнароднай грамадскасці».

Пазней крыніца з Крамлю паведаміла, што «непрыстойнасць і непаслядоўнасць Аляксандра Лукашэнкі ў гэтым пытанні (аб прызнанні рэспублік), ды і ў многіх іншых, на жаль, ужо даўно сталі нормай». У Савеце Федэрацыі раздражнёныя рэмаркі Лукашэнкі ў адрас Расеі звязваюць з хуткімі прэзыдэнцкімі выбарамі. «У 2011 г. пройдуць выбары прэзідэнта Беларусі, і сёння спадар Лукашэнка стаіць перад складаным выбарам, і ўсе яго абвінавачванні ў адрас Расеі носяць выключна палітычны характар», - сказаў «Інтэрфаксу» напярэдадні сябра камітэта па справах СНД Савета Федэрацыі Вадзім Густаў.

Аналізуючы сітуацыю, расейскі сенатар адзначыў, што за апошні час Лукашэнка не раз «дэманстратыўна праколваўся», даючы абяцанні Маскве, у тым ліку аб прызнанні Абхазіі і Паўднёвай Асеціі. «Але далей за гэта нічога не ішло. Сёння спадар Лукашэнка спрабуе сфарміраваць новае аблічча для сябе з улікам цяперашніх рэалій і праз гэта пачынае рабіць масу памылак», - лічыць Густаў. Да шэрагу такіх «стратэгічных памылак» ён аднёс спробы Лукашэнкі сябраваць з грузінскім прэзідэнтам і з выконваючым абавязкі прэзідэнта Малдовы. «Прэзідэнт Саакашвілі, спадар Гімпу маюць вельмі адмоўны імідж, і такім сяброўствам Лукашэнка толькі псуе свой аўтарытэт», - лічыць Густаў.

У сваю чаргу сенатар Валерый Парфёнаў заявіў «Інтэрфаксу», што дзеянні Масквы здаюцца рэзкімі толькі на першы погляд. «Гэтыя дзеянні цалкам апраўданыя. Бо ўсе гэтыя гады спадар Лукашэнка маніпуляваў Расеяй на карысць уласным эканамічным інтарэсам, даючы пустыя абяцанні. І такіх прыкладаў можна прывесці не адзін дзесятак. Таму рэакцыя Расеі на паводзіны спадара Лукашэнкі - гэта рэакцыя правільнага папярэджвання», - сказаў Парфёнаў. На яго думку, беларускі кіраўнік павінен правільна яе ўспрыняць і выбудоўваць свае паводзіны, зыходзячы не з уласных інтарэсаў, а зыходзячы з інтарэсаў народа. «А інтарэсы народа заключаюцца ў тым, што без дапамогі, без эканамічнай падтрымкі Расеі Беларусь проста не выжыве», - лічыць Парфёнаў.

Назіральнікі нагадваюць, што на наступны дзень пасля пікіроўкі Менска і Масквы тэлеканал НТВ паказаў фільм «Хросны бацька-3», які змяшчае рэзкую крытыку ў адрас Лукашэнкі і яго атачэння. Лідэр КПРФ Генадзь Зюганаў выказаў абурэнне з гэтай нагоды. «Я глядзеў гэты антыбеларускі фільм і лічу яго не толькі паранояй, але і адкрытай правакацыяй, накіраванай супраць сяброўства і супрацоўніцтва дзвюх славянскіх дзяржаваў», - сказаў Зюганаў «Інтэрфаксу». Лідэр КПРФ упэўнены, што такі фільм «проста не мог быць паказаны без адмашкі зверху».

Процілеглага пункту гледжання ў дачыненні Лукашэнкі прытрымліваюцца дэпутат Дзярждумы, дырэктар Інстытута краін СНД Канстанцін Затулін і кіраўнік думскага камітэта па справах СНД Аляксей Астроўскі. «Коммерсант» прывёў словы Затуліна, які заявіў: «Саюзная дзяржава, па сутнасці, працягвае віртуальнае існаванне і нічым іншым не з'яўляецца. Лукашэнка не дае падставы зачапіцца за пазітыў. Зразумела, што дарогі расейскага і беларускага кіраўніцтва разыходзяцца ўсё далей. І ў Расеі, мабыць, прыйшлі да высновы, што ніякага збліжэння пры Лукашэнку не будзе».

Астроўскі ў гутарцы з «Коммерсантом» выказаўся яшчэ больш рэзка: «Характэрнай асаблівасцю Аляксандра Лукашэнкі з'яўляецца раздача пустых абяцанняў. Ён кажа тое, што хоча пачуць прымаючы бок, і гэтыя абяцанні ніколі не рэалізоўваюцца. Каментаваць яго новыя выказванні пустое марнаванне часу. Тут можа быць толькі адзін каментар: да лекара».

У сваю чаргу лідэр ЛДПР, віцэ-спікер Дзярждумы Уладзімір Жырыноўскі лічыць, што сітуацыя ў братэрскай рэспубліцы можа змяніцца ўжо на пачатку наступнага года. На яго думку, «прапагандысцкія выпады і прапагандысцкае выкрыццё» накіраваныя на тое, каб студзеньскія выбары прэзідэнта Беларусі прайшлі ў найбольш свабодным фармаце. «І ёсць надзея, што Лукашэнка прайграе. Насельніцтва Беларусі ўжо незадаволенае ім», - лічыць Жырыноўскі.

Напісаць каментар 32

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках