18 траўня 2024, Субота, 16:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

АЭС у Беларусі ўсё больш нагадвае «лятучы галандзец»

13

Нявызначанасць па пытанні партнёрства Масквы і Менска робіць нерэальным ажыццяўленне дадзенага скандальнага і спрэчнага праекта на тэрыторыі нашай краіны.

Тым больш, што патэнцыйны інвестар і будаўнік атамнай электрастанцыі усё часцей кідае свае позіркі на іншыя аналагічныя праекты ў іншых краінах, перадае «Euramost».

Вось, да прыкладу, нядаўняе паведамленне. Расейскі бок можа прафінансаваць больш за 20% будаўніцтва АЭС у Арменіі. Такую заяву зрабіў кіраўнік дзяржкарпарацыі «Росатом» Сяргей Кірыенка, перадае РІА «Новости». Улічваючы цяперашні першы за многія гады дзяржаўны візіт у Арменію расейскага прэзідэнта, можна меркаваць, што і 20% гэтая справа не абыдзецца.

Беларусь жа прэтэндавала на значна большае, адмаўляючы патэнцыйнаму інвестару «ў малым» - у стварэнні парытэтнага СП па продажы энергіі, атрыманай ад БелАЭС. Аб маральнасці самой пастаноўкі пытання будаўніцтва АЭС у краіне, больш за ўсіх у свеце пацярпелай ад «мірнага атаму», можна змоўчаць - пра гэта гаварылі ўсе адэкватныя людзі, прычым, не толькі ў Беларусі.

Фраера пад назвай «афіцыйны Менск», як заўсёды, прагнасць знішчыла. Матывацыя ўзвядзення АЭС - «каб пазбавіцца ад энергазалежнасці ад адной дзяржавы», - курам на смех. А каму ж кіраўніцтва Беларусі будзе аддаваць «шматмільярдныя крэдыты з вялікімі адсоткамі» (як сцвярджае кіраўнік беларускай дзяржавы), як не Маскве, калі тая ўсё ж паддасца на гэтую атамную авантуру і дасць на яе грошы? А у каго, як не у той жа Расеі, нашыя энергетычныя геніі збіраюцца купляць ядзернае паліва, якое штогод даражэе?

Акрамя таго, праекты па будаўніцтве АЭС у Літве і Калінінградскай вобласці Расеі знаходзяцца ў больш прасунутай стадыі (у Літве ўсе пытанні па ўзвядзенні станцыі павінны быць вырашаныя ўжо да канца гэтага года), у Беларусі ж конь не валяўся. Але нават калі знойдзецца інвестар, які пагодзіцца ўкладваць вялізныя грошы ў БелАЭС, што рабіць з электраэнергіяй, якой да часу пачатку яе эксплуатацыі ў гэтай частцы Еўропы ўжо будзе дастаткова? Хто за мяжой будзе яе купляць «па выгодным кошце», якім чынам у адсутнасці вялікага попыту і дастатковых магчымасцяў збыту ўлады будуць выплочваць крэдыты і адсоткі па іх?

Мабыць, адказы на гэтыя пытанні ўжо пачынаюць задаваць сабе і «высокапастаўленыя дзяржаўныя галовы», бо і дзевяццю мільярдамі «зялёных», у рэшце рэшт, гэтая «цацка» не абыдзецца, а, як мінімум, разы ў паўтара-два даражэй. Таму і прагучала з вуснаў Лукашэнкі фраза, што нам гэтая справа цяпер «не гарыць». А калі ж яно пачне «гарэць»? Хочацца верыць, што ніколі. Бо да рэалізацыі гэтага праекта цяперашняя ўлада, відавочна, не дасядзіць, а новай такія праблемы не патрэбныя.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках