У аварыі ў Віцебскім раёне загінулі грамадзяне трох краін (Фота)
6- 1.09.2010, 10:37
Сярод загінулых - грамадзяне Малдовы, Расеі і Беларусі.
Раніцай 30 жніўня недалёка ад вёскі Сушчава Віцебскага раёна на 62-м кіламетры дарогі мяжа Расеі - Віцебск - Гомель - мяжа Украіны аўтамабіль «Шкода-Актавія» выехаў на сустрэчную паласу і сутыкнуўся з аўтамабілем «Фольксваген-Пасат». У выніку дарожна-транспартнага здарэння загінулі 4 чалавекі, паведамляюць «Народныя навіны Віцебска».
Як паведамляе прэс-служба МУС, «Шкодай» кіраваў грамадзянін Рэспублікі Малдова. Магчыма, ён заснуў за рулём, што і стала прычынай сутыкнення, у выніку якога таксама загінула пасажырка «Шкоды-Актавіі» 23-гадовая расеянка і два пасажыры «Фольксваген-Пасат» - трыццаціпяцігадовыя жыхары Віцебска.
У ДТЗ выжыў толькі адзін чалавек - 32-гадовы пасажыр «Фольксвагена», таксама жыхар Віцебска. Ён змешчаны ў бальніцы.
Нагадаем, што ў мінулым годзе на гэтай жа трасе, але на 94-м кіламетры загінула вядомая беларуская веласіпедыстка Зінаіда Стагурская. Аварыя адбылася каля вёскі Бондары, джып «Хонда», які рухаўся ў бок Воршы, насустрач веласіпедысткі, выехаў на сустрэчную паласу і пратараніў ровар алімпійскай чэмпіёнкі.




