У Амстэрдаме ўзгадалі выкрадзеных у Беларусі апазіцыянераў (Фота)
2- 1.09.2010, 13:21
Ініцыятыва «Мы памятаем» правяла ў Амстэрдаме акцыю, прымеркаваную да Міжнароднага дня зніклых людзей.
30 жніўня ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень зніклых людзей. У гэты дзень у сталіцы Нідэрландаў Амстэрдаме «Мы памятаем» правяла акцыю памяці гвалтоўна зніклых Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і Дзмітрыя Завадскага. Акцыя прайшла 17:00 да 18:00 па мясцовым часе на цэнтральнай плошчы Амстэрдама Leidseplein. Удзельнікі акцыі трымалі партрэты зніклых. Акцыю падтрымалі галандскія музыкі, якія выканалі некалькі песняў. Мірная дэманстрацыя выклікала непадробную цікавасць з боку мінакоў — яны падыходзілі да ўдзельнікаў акцыі, задавалі пытанні, выяўлялі сваё спачуванне.
Гвалтоўнае знікненне — гэта цяжкое парушэнне правоў чалавека, якое закранула дзясяткаў тысячаў людзей і іх сем'яў. Для прадухілення гвалтоўных знікненняў 20 снежня 2006 года Генеральнай Асамблеяй ААН была прынятая Міжнародная канвенцыя для абароны ўсіх асобаў ад гвалтоўных знікненняў. Канвенцыя з'яўляецца сур'ёзным інструмантам барацьбы са знікненнямі і звязанымі з імі парушэннямі правоў чалавека. Канвенцыя набудзе сілу пасля таго, як будзе ратыфікаваная 20-ю дзяржавамі-чальцамі ААН. На сённяшні дзень гэты дакумент ратыфікаваны 19 краінамі — для ўступлення канвенцыі ў сілу не хапае ўсяго адной ратыфікацыі.


