Генерала Хацько прабачаць?
20- 19.01.2011, 14:58
Былы начальнік УУС Гарадзенскай вобласці Генадзь Хацько, які абвінавачваецца ў злоўжыванні ўладай і службовымі паўнамоцтвамі, ужо заплаціў у казну 30 мільёнаў рублёў.
Як паведамляе газета «Вячэрні Гродна», у столькі ацанілі шкоду, якую ён здзейсніў, выкарыстоўваючы матэрыяльную базу УУС для будаўніцтва ўласнага катэджа.
Пасля пакрыцця шкоды Генадзь Хацько напісаў прашэнне на імя Аляксандра Лукашэнкі аб спыненні ў адносінах да яго крымінальнай справы, паведамляе "Народная воля".
З прозвішчам Хацько звязаны сапраўдны дэтэктыў, калі спачатку жонка прынесла былым падначаленым свайго мужа заяву аб ягоным знікненні, потым было абвешчана, што на яго заведзеная крымінальная справа, пачаўся міжнародны вышук ... А яшчэ пазней Хацько сам вярнуўся ў Беларусь з Расеі, дзе хаваўся, і прыйшоў у пракуратуру з павіннай. Здавалася б, усё гэта сведчыць аб тым, што крымінальная справа ў дачыненні да былога міліцэйскага начальніка была вельмі сур'ёзнай. Але пракуратура гэты факт адмаўляе. Паводле ейнай інфармацыі, першапачаткова ў віну Генадзю Хацько ставілася шкода ўсяго ў ... 11.000.000 беларускіх рублёў.
У гэтую інфармацыю, аднак, вельмі складана паверыць. У міліцэйскіх колах хадзілі гаворкі пра тое, што былому начальніку УУС прыйдзецца заплаціць каля ста тысяч долараў. І здавалася, што менавіта з прыцэлам на вялікую суму быў накладзены арышт не на машыну, не на гараж, нават не на кватэру, а на загарадны катэдж, кошт якога ацэньваецца рыэлтарамі ў суму да 200 тысяч долараў.
Але хмары прайшлі міма. Абласная пракуратура цяпер, як ні ў чым не бывала, тлумачыць, што арыштавала дарагую маёмасць, каб па ёй праводзіць расследаванне і каб мець заклад для выплаты шкоды. Да таго ж, высветлілася, што ў генерал-маёра больш няма чаго было арыштоўваць: ягоная кватэра знаходзіцца ў закладзе ў банка.