А расейскай нафты ўсё няма...
27- 24.01.2011, 12:28
Расейскія нафтавыя кампаніі ў панядзелак не аднавілі пастаўкі бяспошліннай нафты ў Беларусь.
Аб гэтым паведаміў агенцтву "Интерфакс-Запад" галоўны інжынер ААТ "Наваполацкае прадпрыемства па транспарце нафты" Дружба" Васіль Дробатаў.
"Сёння расейская нафта на ААТ "Нафтан" паступаць не пачала. У нас няма інфармацыі аб тым, што з сённяшняга дня мы аднаўляем прапампоўку і прыём расейскай нафты", - сказаў В. Дробатаў.
Наваполацкае прадпрыемства па транспарце нафты "Дружба" ажыццяўляе пастаўкі расейскай нафты толькі да ААТ "Нафтан" і з'яўляецца аператарам беларускага ўчастку паўночнай галіны магістральнага нафтаправода "Дружба". Транзіт расейскай нафты па гэтым участку магістральнага нафтаправода не ажыццяўляецца.
Як паведамлялася, у 2011 годзе, нягледзячы на падпісаныя і ратыфікаваныя пагаднення па АЭП, бяспошлінная расейская нафта ў Беларусь паступаць не пачала. Масква і Менск напярэдадні новага года пачалі перамовы аб формуле кошту на бяспошлінную нафту для Беларусі на 2011 год. У ходзе перамоваў расейскія НК прапанавалі закласці ў формулу кошту бяспошліннай нафты дадатковыя $ 45 на тону, што дазволіць забяспечыць роўную прыбытковасць пры пастаўках нафты па ўсіх напрамках.
У мінулы чацвер у Маскве па выніках перамоваў з прэм'ер-міністрам Беларусі Міхаілам Мясніковічам кіраўнік расейскага ўрада Уладзімір Пуцін заявіў, што Расея прадаставіць Беларусі субсідыі ў $ 4,1 млрд за кошт паставак расейскай нафты. У цэлым, па словах У. Пуціна, аб'ём субсідавання ў нафтавым сектары ў 2011 годзе складзе суму не меншую за тую, што была ў 2007-2009 гадах, да ўвядзення вывазных мытных пошлін.
У мінулую пятніцу беларускі бок выказаў надзею, што пастаўкі расейскай нафты могуць аднавіцца ўжо ў пачатку гэтага тыдня.