КДБ правёў "спецаперацыю" па выдаленні дыктафоных запісаў журналіста
12- 24.01.2011, 13:04
У журналіста Генадзя Барбарыча сцерлі дыктафонны запіс інтэрв'ю, якое ён браў 24 студзеня каля будынку КДБ у Менску.
Барбарыч быў затрыманы супрацоўнікамі камітэта ў момант запісу інтэрв'ю са сваякамі кандыдатаў у прэзідэнты, якія прыйшлі да будынка КДБ перадаць перадачы затрыманым, перадае БелаПАН.
"У мяне забралі пашпарт, таму я вымушаны быў прайсці з супрацоўнікамі КДБ у бюро пропускаў гэтага ведамства. Пасля у мяне забралі дыктафон. Пасля дыктафон аддалі, але ўсе матэрыялы, якія я запісваў, былі сцёртыя", - паведаміў журналіст БелаПАН. Барбарычу было заяўлена, што ніякіх дзеянняў каля рэжымнага аб'екта вырабляць нельга.
Каментуючы сітуацыю па просьбе БелаПАН, намеснік старшыні грамадскага аб'яднання "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Андрэй Бастунец адзначыў: "Месца, якое знаходзіцца ў поле ўсеагульнага агляду, не можа з'яўляцца рэжымным аб'ектам. Рэжымны аб'ект - гэта аб'ект, па якім прымяняюцца спецыяльныя меры аховы. З іншага боку, побач з пунктам прыёму перадач КДБ знаходзіцца клуб імя Дзяржынскага, дзе праводзіцца мноства культурна-масавых мерапрыемстваў, якія здымаюць нават дзяржаўныя тэлекампаніі. Таму я не разумею, навошта затрымліваць журналіста за аўдыёзапіс".