Арыштаванаму расейцу Гапонову анулююць від на жыхарства
12- 24.01.2011, 15:14
У дачыненні арыштаванага па справе аб масавых беспарадках 19 снежня ў Менску расейца Івана Гапонова пачатая працэдура анулявання віду на жыхарства.
Пра гэта стала вядома 24 студзеня пасля наведвання арыштаваных расейскімі дыпламатамі, паведаміў БелаПАН прэс-сакратар амбасады Расеі ў Беларусі Вадзім Гусеў.
"У ходзе сустрэчы Гапонаў паведаміў, што ў дачыненні яго распачата працэдура анулявання ягонага віду на жыхарства ў Беларусі. У той жа час якіх-небудзь доказаў здзяйснення расейскімі грамадзянамі супрацьпраўных дзеянняў да гэтага часу беларускім бокам ім не прад'яўленае, і за мінулы тыдзень якіх-небудзь следчых дзеянняў не праводзілася”- падкрэсліў Гусеў.
Па ягоных словах, другі арыштаваны расеец, Арцём Брэўс, паведаміў, што яго на рэгулярнай аснове наведвае лекар у сувязі з прыступамі хранічнай астмы, яму выдаюць неабходныя лекі. Праблем з перадачай ад сваякоў прадметаў першай неабходнасці ў расейцаў няма, паведаміў Гусеў.
"Амбасада працягвае шчыльна ўзаемадзейнічаць са сваякамі і адвакатамі расейскіх грамадзян. На гэтым тыдні адвакаты пададуць хадайніцтва аб змене меры стрымання расейскім грамадзянам, якія знаходзяцца пад вартай", - паведаміў Гусеў.
Ён адзначыў, што амбасада чакае адказу на накіраваны 14 студзеня зварот у адрас Генеральнай пракуратуры Беларусі з просьбай інфармаваць адносна падставаў і матываў, у сілу якіх у беларускага боку паўстала неабходнасць прымяніць да Брэўса і Гапонова меру стрымання ў выглядзе зняволення.