26 красавiка 2024, Пятніца, 15:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Апошняга фігуранта «справы 19 снежня» прысудзілі да 3 год «хіміі»

23
Апошняга фігуранта «справы 19 снежня» прысудзілі да 3 год «хіміі»

Яшчэ аднаго ўдзельніка акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў асудзілі.

Суддзя Маскоўскага раённага суду Менска Алена Рудніцкая задаволіла просьбу абвінавачвання і асудзіла Святаслава Барановіча на тры гады абмежавання волі без накіравання ў месцы адбыцця пакарання.

Мера стрымання для актывіста - падпіска аб нявыездзе.

Святаславу 25 гадоў, ён працуе ў Менску будаўніком, сам з Вілейскага раёна Менскай вобласці.

У апошнім слове Барановіч адзначыў, што ў адрозненне ад супрацоўнікаў спецназа ён нікога не біў па галаве і са спіны.

Адвакат у сваім выступе адзначыў, што ўдзел Барановіча ў падзеях на плошчы не адпавядае артыкулу Крымінальнага кодэкса аб масавых беспарадках: на Плошчы не было ні пагромаў, ні падпалаў, ні знішчэння маёмасці. Ён папрасіў прызнаць, што ў дзеяннях ягонага падабароннага адсутнічаў склад злачынства.

Барановіч з'яўляецца апошнім фігурантам крымінальнай справы аб так званых масавых беспарадках у Менску 19 снежня 2010 года. Ён абвінавачваецца ў правапарушэнні, прадугледжаным часткай 2 артыкула 293 КК (удзел у масавых беспарадках). Пакаранне па ім прадугледжвае пазбаўленне волі на тэрмін ад трох да васьмі гадоў.

Працэс над Барановічам пачаўся 29 жніўня, аднак быў перанесены ў сувязі з няяўкай пацярпелых міліцыянтаў. У той жа дзень падсуднага адпусцілі пад падпіску аб нявыездзе.

На другім пасяджэнні, 28 верасня, суд заслухаў паказанні дзесяцёх «пацярпелых» - супрацоўнікаў палка міліцыі спецыяльнага прызначэння ГУУС Менгарвыканкама. Усе яны на пытанне пракурора заявілі, што не пазнаюць Барановіча і прэтэнзій да яго не маюць. Частка сведак на слуханні не з'явілася, у сувязі з чым суддзя Алена Рудніцкая прыняла рашэнне адкласці працэс да 12 кастрычніка. Пракурор прапанаваў працягнуць разгляд справы ў адсутнасць часткі пацярпелых, аднак на іх прысутнасці настойваў адвакат Барановіча.

Святаслаў Барановіч часткова прызнае сваю віну. Ён не адмаўляе, што біў па шчытах, у тым ліку дубінкай, аднак заяўляе, што стаў наносіць удары пасля таго, як сам атрымаў удар дубінкай па галаве. Абвінавачаны падкрэслівае: супрацоўнікаў міліцыі ён не біў - наносіў удары толькі па шчытах і загароджах.

Напісаць каментар 23

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках