Беларускія арганізацыі патрабуюць расследаваць справу Жукаўца
1- 16.11.2011, 16:29
16 лістапада на імя Генеральнага пракурора Польшчы Анджэя Сэрэмета паступіў ліст ад арганізацый Беларусі і Польшчы.
Пад зваротам падпісаліся «Малады фронт», «Еўрапейская Беларусь», Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя і «Саюз для дэмакратыі ў Беларусі». Яны патрабуюць аднавіць расследаванне фальсіфікацыі дакументаў і перакладаў па справе Андрэя Жукаўца ў сувязі з новымі фактамі, паведамляе «Еўрарадыё».
26 кастрычніка на судовым паседжанні па справе Жукаўца былі знойдзеныя «мёртвыя душы» - гэта людзі, якіх беларуская пракуратура прадстаўляла як сведак злачынстваў Жукаўца, але на самой справе іх не існуе ў прыродзе.
Таксама ў 2008 годзе супраць польскіх перакладчыкаў Гражыны-Міхаліны Прахаповіч і Уладзіслава Праховіча, якія сфальсіфікавалі пераклады дакументаў, была ўзбуджаная справа. Аднак праз год яна была спыненая. Супраць гэтых перакладчыкаў беларускія арганізацыі патрабуюць аднавіць крымінальную справу.
Нагадаем, што былы маладафронтавец Андрэй Жукавец у 1999 годзе ён папрасіў палітычнага прытулку ў Польшчы. У Беларусі ў дачыненні да Жукаўца ўзбуджаная крымінальная справа. Беларусь 12 гадоў дамагаецца выдачы ўцекача.